BE RU EN

У Азіі стварылі найбуйнейшую ў свеце зону свабоднага гандлю

  • 16.11.2020, 14:41

15 краін удзельнічаюць у эканамічным партнёрстве.

У нядзелю, 15 лістапада, 15 краін Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёну падпісалі рэгіянальнае пагадненне аб усёабдымным эканамічным партнёрстве, стварыўшы найбуйнейшы ў свеце гандлёвы блок, які павінен спрыяць постпандэмічнаму эканамічнаму росту краін-чальцоў, паведамляе polskieradio.pl.

Гэтыя 15 краін - Кітай, Японія, Паўднёвая Карэя, Аўстралія і Новая Зеландыя, а таксама 10 чальцоў Асацыяцыі дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі. Разам яны вырабляюць блізу 30% сусветнага ВУП, іх насельніцтва таксама складае 30% насельніцтва ўсяго зямнога шара.

Падпісанае пагадненне аб свабодным гандлі ўстанаўлівае агульныя правілы і стандарты для цэлага шэрагу тыпаў эканамічнай дзейнасці.

«Усебаковае рэгіянальнае эканамічнае партнёрства» (УРЭП) было афіцыйна прапанаванае ў 2012 годзе, а перамовы прадаўжаліся з 2013 года. Прагрэс быў асабліва павольным у першыя гады, але дыскусія ўбралася ў сілу пасля таго, як Дональд Трамп стаў прэзідэнтам ЗША ў 2017 годзе. На фоне расту тэндэнцыі пратэкцыянізму ўрады краін-удзельніц сталі больш станоўча ставіцца да свабоднага гандлю.

Гэта пагадненне стала гістарычным прарывам для Кітая і Японіі - найбуйнейшай і другой у велічыні эканомік Азіі. Для іх УРЭП з'яўляецца першым пагадненнем аб свабодным гандлі. Тарыфы на 86% японскіх тавараў, якія экспартуюцца ў Кітай, будуць скасаваныя. Гэта абяцае вялікія выгады японскім вытворцам, напрыклад, пастаўшчыкам аўтамабільных запчастак.

У каментары Nikkei Asia адзін з аналітыкаў адзначыў, што гэтая ўгода мае вялікае значэнне, асабліва ўлічваючы доўгі ўплыў COVID-19 і нявызначаныя наступствы прэзідэнцкіх выбараў у ЗША.

Апошнія навіны