BE RU EN

Сям'я Рамана Бандарэнкі: Цела пакуль не аддаюць

  • 16.11.2020, 15:28

Родныя Героя Беларусі не могуць патрапіць на прыём у Генпракуратуру.

Трагічнай гібеллю 31-гадовага Рамана Бандарэнкі цяпер «займаецца» Генеральная пракуратура. Раніцай сям'я паехала туды, каб атрымаць дазвол на выдачу цела, але на прыём не змагла трапіць. З мамай Рамана таксама ніхто не звязваўся, піша tut.by.

- Мама Рамана сёння двойчы прыязджала ў Генеральную пракуратуру. А 9 раніцы дзяжурны сказаў прыязджаць аб 11.00, потым сказалі чакаць адказу і звяртацца пазней, - распавядае Вольга Кучарэнка, стрыечная сястра Рамана Бандарэнкі.

Увечары 12 лістапада збіты маладзён памёр у лякарні хуткай медыцынскай дапамогі. Лекары напярэдадні сказалі родным: у Рамана шанец выжыць адзін з тысячы.

Нагадаем, 31-гадовы Раман Бандарэнка 11 лістапада выйшаў на «Плошчу пераменаў», каб спытаць у людзей у цывільным і масках, навошта яны здымаюць бел-чырвона-белыя стужкі. Як расказвалі відавочцы, на Рамана накінуліся невядомыя, сталі біць, а потым «прафесійна затрымалі» і аднеслі ў мікрааўтобус. Праз паўтары гадзіны ён быў дастаўлены з Цэнтральнага РУУС Менска ў лякарню. Аперацыя доўжылася некалькі гадзін, жыццё маладзёна выратаваць не ўдалося.

- Яшчэ ў пятніцу былі ў Следчым камітэце, там адказалі, справа ўжо ў Генпракуратуры, звяртацца трэба туды. Мы так і зрабілі, адказ не атрымалі. Нам казалі, што менавіта следчы павінен даць дазвол на выдачу цела, - распавядае Вольга. - Мы не ведаем нічога: зрабілі экспэртызу ці не, цела Рамана нам пакуль не аддалі, з намі ніхто не звязваўся. Трэба ж планаваць пахаванне... Пайшоў чацвёрты дзень.

Блізкія Рамана расказваюць, што адна з рытуальных залаў прапанавала ім свае паслугі, а потым сказала: «Мы вымушаныя вам адмовіць». Канкрэтных прычын не патлумачылі.

Журналісты звярнуліся па каментар у Генеральную пракуратуру і спыталі, колькі яшчэ дзён будзе доўжыцца судова-медыцынская экспэртыза, калі сям'я зможа забраць цела. Адказы на пытанні журналісты не атрымалі.

Такая ж сітуацыя была з загінулым Генадзем Шутавым, якога смяротна паранілі падчас акцыі. Калі родныя прыехалі ў Менск забраць цела, то пачулі: неабходны дазвол СК. У цэнтральным апараце Дзяржаўнага камітэта судовых экспэртыз тады тлумачылі:

- У артыкуле 29 Закона РБ «Аб пахаванні і пахавальнай справе» ўтрымліваецца, што цела памерлага выдаецца з пісьмовага дазволу органа, які прызначыў гэтую экспэртызу.

Генадзь Шутаў памёр 19 жніўня, сям'я змагла забраць яго дадому 23 жніўня.

Апошнія навіны