Фельчар распавёў пра абставіны званка начальніка катоўні на Акрэсціна ў хуткую
- 16.11.2020, 20:07
Фашыст Ігар Кенюх тэлефанаваў у бальніцу хуткай дапамогі з просьбай адклікаць «нядобранадзейных» лекараў.
У нядзелю ў сацыяльных сетках з'явіўся аўдыёзапіс: чалавек, які прадставіўся начальнікам ІЧУ, патэлефанаваў на падстанцыю хуткай дапамогі і папрасіў прыбраць «нядобранадзейных лекараў» са сваёй установы. Сталічны фельчар пазнаў у гэтым запісу падзеі 13 жніўня і распавёў tut.by падрабязнасці таго, што адбывалася на Акрэсціна.
«Добры дзень, маё прозвішча Кенюх Ігар Рыгоравіч, я начальнік ізалятара часовага ўтрымання на Акрэсціна. Так. Глядзіце, значыць, у мяне зараз знаходзяцца, толькі што былі дзве брыгады вашы, вось. (...) У мяне была размова з лекарамі. Я вам хачу сказаць, ну, мякка так, што гэта лекары не зусім добранадзейныя і яны тут не павінны знаходзіцца. Калі можна, прыбярыце іх, калі ласка, адсюль. Яны нясуць абы што і не туды, куды трэба», - кажа мужчынскі голас на запісе.
Пачуўшы гэтую размову, менскі фельчар наважыў: гэта працяг той размовы, якая адбылася паміж медыкамі і начальнікам ІЧУ 13 жніўня на Акрэсціна. Па-першае, супадаюць нумары брыгад, якія працавалі там у той дзень - 602 і 212. Па-другое, голас начальніка ІЧУ, як уважае фельчар, падобны на той, які просіць на аўдыё «прыбраць нядобранадзейных». І такая размова сапраўды была напярэдадні.
- Занадта шмат супадзенняў, - адзначае фельчар. - Гэта адбывалася 13 жніўня, калі сталі масава адпускаць затрыманых. Раніцай дзве брыгады адправілі дзяжурыць на Акрэсціна. Нам не дазвалялі падыходзіць да пацярпелых, іх прыводзілі асабіста. Нават калі бачылі, што людзям патрэбна дапамога, мы не мелі права да іх падыходзіць.
Згодна са словамі медыка, яны стараліся як мага больш людзей вывезці з Акрэсціна ў бальніцу. А праз пару гадзін дзяжурства ў ІЧУ завязалася размова, працяг якой чуваць на аўдыёзапісе.
- Мы абмяркоўвалі, хто глядзіць тэлевізар, а хто не. Начальнік ІЧУ стаў казаць, мы глядзім ўсякае г..., чытаем тэлеграм-каналы замест таго, каб глядзець нармальную тэлевізію. Маўляў, хацелі перамен - вось атрымлівайце. І чамусьці ўз'еўся на нас, стаў крычаць матам, сказаў: «Навошта нам такія чулыя памочнікі?» (Гэтае пытанне мы адрэдагавалі. - Заўвага.). Вось тады мы адказалі, што медыкі павінны быць міласэрнымі, чулымі і спагадлівымі. Ён сышоў тэлефанаваць нашаму кіраўніцтву, а потым сказаў пакінуць тэрыторыю ІЧУ. Мы звязаліся са старшым лекарам, ён пацвердзіў: сапраўды такая размова была, нам трэба з'ехаць, - так сваё дзяжурства на тэрыторыі ізалятара апісвае менскі фельчар.
Наш суразмоўца распавядае, што званок ад чалавека, які назваўся начальнікам ІЧУ, прыняў дыспетчар. Мяркуючы з запісу, гэта Марыя Грыбок.
- Мы потым загадчыку тлумачылі, што адбылося. Проста слова ў слова. Хоць было сорамна гэта паўтараць, - прызнаецца фельчар. - Разумееце, складана рабіць сваю працу, ратаваць людзей, калі табе не даюць гэтага рабіць. Як працаваць, калі нас саджаюць у турмы? Кажуць, медыкаў дастаткова, так кожны другі працуе на дзве стаўкі, каб медыцына ў краіне не стала. З траўня да ліпеня ў мяне 300 гадзін! Пасля выбараў нас збіралі, казалі, мы павінны быць апалітычныя, лячыць усіх. Але як заплюшчыць вочы, калі на Пушкінскай у жніўні падчас акцыі едзе машына хуткай дапамогі, а ў яе ляціць святло-шумавая граната? Як можна верыць таму, што кажуць па тэлевізіі? Мы бачылі усё на ўласныя вочы, нам ніхто не навязваў сваё меркаванне. Убачыўшы збітых людзей, на якіх не было жывога месца, немагчыма было нармальна спаць тры тыдні. Заплюшчваеш вочы - а там такія карцінкі. Адплюшчваеш вочы і плачаш. Было крыўдна, што, знаходзячыся на працоўным месцы, нічога не можаш зрабіць.