BE RU EN

Бітва, ад якой залежыць лёс планеты

  • Наталля Радзіна
  • 17.11.2020, 15:58

Беларусь як сэрца свету.

Магчыма, у мяне досыць слоў, але дакладна не досыць сіл, каб апісаць, што адбываецца ў Беларусі ў апошнія месяцы - настолькі гэта страшна. Хоць ад пакут, якія сёння зазнаюць беларусы, можна здранцвець. Усё часцей, чытаючы хроніку рэпрэсій у Беларусі, я ўспамінаю фільм Элема Клімава і Алеся Адамовіча пра жахі Другой сусветнай вайны «Ідзі і глядзі»...

Але сёння не 1937-ы, і не 1941-ы. Сёння 2020 год. Беларусь - геапалітычна надзвычай важная незалежная краіна ў цэнтры Еўропы. Свет павінен і можа неадкладна спыніць гэты генацыд.

Як казаў адзін з бацькоў геапалітыкі брытанец Хэлфард Макіндэр, «той хто кантралюе Усходнюю Еўропу... той кантралюе ўвесь свет». У 21 стагоддзі ягоныя словы могуць гучаць так: «Калі дэмакратыя і свабода перамогуць у Беларусі і ва Украіне, то яны перамогуць ва ўсім свеце».

За 26 гадоў мы добра вывучылі гэты рэжым. Мы ведаем, чаго ён баіцца. Ён баіцца канкрэтных эканамічных санкцый.

Мы бачылі гэта на канкрэтных прыкладах. У 2008 годзе палітвязняў, у тым ліку кандыдатаў у прэзідэнты, вызвалілі пасля таго, як ЗША ўвялі санкцыі супраць «Белнафтахіму» - дзяржаўнага прадпрыемства, якое пастаўляе нафтапрадукты на Захад. У 2012 годзе шэраг палітвязняў былі вызваленыя з турмаў праз дэмарш амбасадараў ЕЗ, якія пакінулі Беларусь, і адмовы еўрапейскіх банкаў выдаваць крэдыты рэжыму Лукашэнкі. Такім жа чынам, праз санкцыі, у 2015 годзе пасля пяці гадоў зняволення выйшаў на свабоду кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч ды іншыя вязні сумлення.

Я асабіста ведаю, як рэжым баіцца санкцый. У 2011 годзе мяне вызвалілі з ізалятара КДБ пад падпіску аб нявыездзе толькі таму, што ЕЗ абвясціў аб намеры (!) увесці эканамічныя санкцыі. Калі, седзячы ў Беларусі пад наглядам міліцыі і спецслужбаў, я пісала артыкулы з заклікам да Захаду ўводзіць санкцыі супраць дыктатуры, мяне тут жа пачыналі цкаваць: міжвольныя арышты, запалохванні, шантаж, пагрозы з патрабаваннем перастаць пісаць пра эканамічныя санкцыі, інакш мяне неадкладна зноў возьмуць пад варту.

Таму я ведаю на ўласным досведзе: яны баяцца толькі аднаго - эканамічных абмежаванняў. Гэта тое, што абавязкова заб'е гэтага дракона і вызваліць Беларусь ад фашызму.

Я згодная з патрабаваннем увесці санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі за злачынствы супраць чалавечнасці:

- адключыць рэжым ад міжнароднай міжбанкаўскай сістэмы SWIFT;

- замарозіць рахункі дзяржаўных прадпрыемстваў за мяжой;

- спыніць закупкі нафтапрадуктаў, вырабленых у Беларусі;

- увесці эмбарга на ўсе ўгоды з кампаніямі, якія падтрымліваюць рэжым;

- абвясціць карныя органы Лукашэнкі тэрарыстычнымі арганізацыямі;

- санкцыянаваць арышт у кожным пункце свету міжнароднымі і нацыянальнымі судамі асоб, вінаватых у злачынствах рэжыму;

- выслаць усіх амбасадараў рэжыму як памагатых злачынстваў.

Заклікаю ўсіх людзей свету, палітыкаў, праваабаронцаў, журналістаў дапамагчы нам ўвесці гэтыя захады супраць дыктатуры. Гэтым вы ўратуеце жыццё канкрэтных людзей. Уратуеце беларускую нацыю і цэлую краіну.

Слоганам майго ўлюбёнага фільма «Спіс Шындлера» стала цытата з Талмуда: «Той, хто ратуе адно жыццё, ратуе цэлы свет». Я хачу сёння сказаць: «Ратуючы беларусаў, вы ратуеце не толькі нацыю і краіну, вы ратуеце цэлы свет». Таму што бяззбройныя і безабаронныя беларусы сёння праліваюць кроў за свабоду ад рабства і тыраніі. Зыход бітвы паўплывае на ўсё чалавецтва.

Наталля Радзіна, галоўная рэдактарка Charter97.org

Апошнія навіны