Леў Шлосбэрг: Замежная палітыка Расеі стала сінонімам выраджэння дзяржавы
- 17.11.2020, 11:41
«Дно» прабіваецца амаль кожны дзень.
Жыхарам Расеі вельмі цяжка ў поўнай меры ўявіць сабе, як выглядае наша краіна з боку. Мы неяк звыклі да штодзённай дзікасці і ўжо не дзівімся чарговым заявам і дзеянням. Але дно прабіваецца амаль кожны дзень, піша ў «Фэйсбуку» расейскі апазіцыйны палітык Леў Шлосбэрг.
На мінулым тыдні міністр замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў заявіў, што мае звесткі аб атручэнні Навальнага альбо ў самалёце на шляху ў Нямеччыну, альбо ў Нямеччыне. І, адпаведна, Расея ўводзіць санкцыі супраць Нямеччыны. Што гэта было? Лекара выклікалі?
У Беларусі рэжым, які стаў цалкам фашысцкім, звярэе што ні дзень, працягвае гвалт і забойствы, знішчае народ, але ні слова падтрымкі грамадзян Беларусі і ні слова асуджэння звар'яцелага людаеда Лукашэнкі з боку Расеі няма. Святлана Ціханоўская абвясціла аб стварэнні Народнага трыбунала аб злачынствах рэжыму Лукашэнкі, а дэпутат Еўрапарламента, экс-прэм'ер Бэльгіі Гі Верхофстадт запатрабаваў стварэння міжнароднага трыбунала для Лукашэнкі і ягоных паплечнікаў. Расея не баіцца атрымаць у гэтым працэсе статус памагатага ў злачынствах супраць чалавечнасці?
Укладзенае фармальна трохбаковае (Арменія - Азербайджан - Расея), а па сутнасці двухбаковае (Расея - Турцыя) пагадненне аб Нагорным Карабаху, якое стала трыумфам новаімперскай палітыкі Эрдагана і паставіла Расею ў вельмі цяжкае становішча, нясе вялікія стратамі на ўсіх франтах. Навошта Расеі залагоджванне Эрдагана?
Жыхары краін з прарасейскімі рэжымамі адварочваюцца ад Расеі. Выбарцы найбяднейшай Малдовы аддалі пасаду прэзідэнта краіны прыхільніку еўрапейскай інтэграцыі і партнёрства з ЗША Маі Санду, адмовіўшы ва ўладзе прыхільніку збліжэння з Расеяй цяпер ужо былому прэзідэнту Ігару Дадону.
І за ўсім гэтым вар'яцтвам - грошы расейскіх грамадзян. Паўтара мільярда даляраў (тры гадавыя бюджэты Пскоўскай вобласці) Лукашэнку, мільярд даляраў (два гадавыя бюджэты Пскоўскай вобласці) Асаду, дзясяткі мільярдаў рублёў штогод на падтрыманне расейскага вайсковага ўдзелу ў чужых войнах.
Няма такога палітычнага нягодніка ў свеце, арганізатара палітычнага гвалту і масавых рэпрэсій, якога не падтрымала б афіцыйная Расейская Федэрацыя. Як толькі бачыце дыктатара, які ўчапіўся ва ўладу, не сумнявайцеся: Расея побач з ім і дапамагае яму. Замежная палітыка Расеі стала сінонімам выраджэння расейскай дзяржавы.