Лукашэнка прадумвае шляхі ўцёкаў
- 17.11.2020, 11:54
Чаму ўзурпатар загаварыў пра эміграцыю ў Расею?
У чатырохгадзіным інтэрв'ю для прапагандыстаў з Беларусі, Украіны, Малдовы, Казахстана і Расеі Аляксандр Лукашэнка заявіў: «Я паеду - і ўсё». У гэты раз прагучаў і новы пасыл - пра эміграцыю, паведамляе tut.by.
- Я паеду ў тую ж Расею, буду жыць, працаваць, я, дзякуй Богу, яшчэ здаровы мужык, - заявіў Лукашэнка.
У гэтым можна было б угледзець традыцыйнае падлабуньванне да аўдыторыі ў стылі «што будзе з вамі без мяне», калі б не адно «але» - палохаць сваю аўдыторыю пратэстоўцамі, новым прэзідэнтам, Захадам можна і без згадкі пераезду ў суседнюю краіну. Палітолагі вылучаюць некалькі версій з'яўлення новай рыторыкі.
Шляхі адступлення прадумваюцца
Фраза пра магчымы «спакойны ад'езд у Расею» можа быць часткай гульні для падвешвання віртуальнай морквы, калі робіцца шэраг заяў у духу «я вось-вось пайду, пакіну пасаду» з тым, каб дэзарыентаваць пратэстоўцаў, мяркуе дырэктар даследчага Цэнтра EAST, палітолаг Андрэй Елісееў.
- Хтосьці з даверлівых людзей можа падумаць, што калі кіраўнік збіраецца сам неўзабаве добраахвотна сыходзіць, з’язджаць, то і няма чаго рызыкаваць, выказваючы сваё меркаванне або выяўляючы незадаволенасць на вуліцы або ў працоўным калектыве. Гэта значыць тым самым малюецца дадатковая падстава для самасуцяшэння ў духу «усё само сабой станоўча развяжацца», - тлумачыць экспэрт.
У кантэксце інтэрв'ю гэтыя словы ў асноўным былі накіраваныя на тое, каб сказаць, як звычайна, што «я наеўся ўладай», і «я гатовы ўсё пакінуць», але тады ўсё абрынецца, разважае дырэктар Інстытута палітычных даследаванняў «Палітычная сфера» доктар палітычных навук Андрэй Казакевіч.
- Трэба адзначыць адну дэталь: раней такія словы не суправаджаліся адсылкамі да эміграцыі. А тут размова ідзе ўжо пра тое, што ў краіне, напэўна, у яго ніякай перспектывы няма або яна вельмі туманная. У такіх развагах ён кажа пра тое, што спакойна яму жыць можна, толькі калі ён куды-небудзь з'едзе. Гэта новая фармулёўка, якая з'яўляецца як вынік бягучага палітычнага крызісу, калі стала відавочна, што значная частка насельніцтва варожа настроеная да Аляксандра Лукашэнкі.
Экспэрты бачаць у гэтых словах сведчанне таго, што сцэнар эміграцыі разглядаецца ўзурпатарам як адзін з неспрыяльных сцэнарыяў развіцця сітуацыі ў Беларусі.
- Апошнія тры ці ў шырокім кантэксце нават шэсць месяцаў былі складаныя моманты для ўладаў. Думаю, гэта пытанне лунае як запасны варыянт. У нейкай ступені такія сцэнары прапрацоўваліся. Магчыма, нават у кансультацыях з Масквой на розных этапах, - адзначае дырэктар «Палітычнай сферы».
Улічваючы напружанасць у грамадстве і звужанае кола прыхільнікаў, у Лукашэнкі ўсё менш магчымасцяў «шукаць ласкі» ў аўдыторыі. Варта ўзгадаць ягоны візіт на Менскі завод колавых цягачоў.
Хутчэй гэта гучыць як тое, што ён сапраўды разглядае шляхі адступлення, мяркуе аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS) Кацярына Шмаціна. З усіх кірункаў Расея - самы блізкі яму варыянт. Гэта адзіны палітычны хаўруснік і асноўны палітычны кантакт Лукашэнкі.
- Думаю, гэта цікавы сігнал ад Лукашэнкі аб тым, што ён разглядае варыянты далейшага развіцця падзей, - кажа палітолаг. - Плюс гэта цікава з пазіцыі таго, што цяпер ініцыюецца Маскоўскім механізмам АБСЕ. Гэта заклікі да прымянення прынцыпу ўніверсальнай юрысдыкцыі, якія могуць быць ініцыяваныя ў краінах ЕЗ. Лукашэнка і ягонае найбліжэйшы атачэнне могуць быць прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці, калі яны апынуцца ў гэтых краінах. У яго ёсць разуменне, што Расея, хутчэй за ўсё, не выдасць свайго доўгатэрміновага хаўрусніка.
У той жа час некаторыя краіны Персідскай затокі тыпу Катара выглядаюць не менш, калі не больш рэальнымі прэтэндэнтамі за званне запаснога аэрадрома, чым Расея, заўважае Андрэй Елісееў.