Нацбанк Беларусі пачынае хаджэнне па граблях?
- 17.11.2020, 12:14
Штучнае павелічэнне грашовай масы можа справакаваць маштабны крызіс.
Нацбанк заявіў, што не збіраецца змякчаць манетарную палітыку і нават не плануе зніжаць стаўку рэфінансавання ў будучыні, паведамляюць naviny.media.
Аднак, мяркуючы з усяго, у дзяржорганах ёсць і іншае меркаванне ў пытанні аб тым, якую палітыку павінен праводзіць Нацыянальны банк.
Эканамісты Нацбанка апублікавалі артыкул, у якім паведамляюць пра актыўныя дыскусіі з нагоды выкарыстання эмісіі для крэдытавання інвестыцыйных праектаў. Дзе гэтыя дыскусіі ідуць? У асяроддзі незалежных эканамістаў даўно склалася разуменне, што цяперашняя палітыка Нацбанка - цалкам адэкватная і змякчаць яе не варта дзеля напампоўвання эканомікі рублямі.
А вось урад у 2021 годзе сабраўся «запускаць новы інвестыцыйны цыкл», адэкватных крыніц для фінансавання якога пакуль не відаць. Вось, мабыць, таму і вядуцца «актыўныя дыскусіі» пра тое, дзе грошы для гэтага цыклу знайсці.
У той жа час экспэрты Нацбанка папярэджваюць, што фінансаванне ўнутраных інвестыцый за кошт варштату Нацбанка пагражаюць раскручваннем інфляцыйна-дэвальвацыйнай спіралі.
«На жаль, не для ўсіх відавочны той просты факт, што «бясплатных абедаў» не існуе, а некаторыя мяркуюць, што «падрыхтоўкай» такіх «бясплатных абедаў» павінен займацца Нацыянальны банк. Аднак такая пастанова прывядзе да чарговага разгону інфляцыі, дэвальвацыі абменнага курсу, а ключавыя праблемы эканомікі не развяжа", - папярэджваюць эканамісты цэнтральнага банка.
Такім чынам, можна сказаць, што Нацбанк супраціўляецца хадзіць па граблях і не жадае паўтараць палітыку, якая прывядзе да паскарэння дэвальвацыйных і інфляцыйных працэсаў.
Якой палітыкі цэнтральны банк будзе напраўду ў 2021 годзе прытрымлівацца? Ці прымусяць яго змяніць курс?
Эмісія выкліча маштабны крызіс
Беларускія эканамісты разглядаюць цяперашнюю грашова-крэдытную палітыку Нацбанка як цалкам адэкватную.
«Нацбанк у апошнія месяцы не зніжае стаўку рэфінансавання, бо вырасла інфляцыя і на валютным рынку ў апошнія месяцы захоўваецца нявызначанасць. У такіх умовах жорсткая манетарная палітыка выглядае больш лагічна, чым яе змякчэнне», - адзначыла ў каментары для БелаПАН аналітык праекта «Кошт урада» Жанна Кулакова.
Экспэртка звярнула ўвагу на тое, што кошт рублёвых рэсурсаў на міжбанку складаў у апошнія дні 12-16% гадавых.
«Такім чынам, стаўка рэфінансавання істотна адрозніваецца ад рынкавага кошту грошай, чаго быць не павінна. Пры захаванні такіх умоў малаверагодна, што Нацбанк будзе зніжаць стаўку рэфінансавання ў будучым годзе», - мяркуе Кулакова.
Не чакаюць пакуль незалежныя экспэрты і запуску варштату ў будучым годзе для фінансавання анансаванага ўрадам інвестыцыйнага цыклу.
«Змякчэнне манетарнай палітыкі ў Беларусі заканчваецца сур'ёзным ростам беднасці і больш за ўсё б'е па найменш забяспечаных катэгорыях грамадзян. Нацыянальны банк стараецца захаваць курс забеспячэння макраэканамічнай стабільнасці, якая неабходна для нармальнай працы бізнэсу і недапушчэння значнага падзення прыбыткаў насельніцтва», - падкрэсліў у каментары для БелаПАН дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ Аляксандр Чубрык.
Ён мяркуе, што Нацбанк у 2021 годзе будзе спрабаваць пільнавацца цяперашняй грашова-крэдытнай палітыкі, якая не дапускае раскручвання інфляцыі і не генеруе перадумоў для дэвальвацыі нацыянальнай валюты.
Разам з тым экспэрты цалкам не выключаюць сцэнара, пры якім усё ж палітыка Нацбанка можа змяніцца.
«У дзяржапараце застаюцца адэпты эмісійнага крэдытавання, таму складана упэўнена сказаць, якой будзе эканамічная палітыка ў наступным годзе. Спадзяюся, здаровы сэнс пераможа, і Нацбанку ўдасца абараніць цяперашнюю манетарную палітыку», - адзначае Кулакова.
«Імавернасць змякчэння манетарнай палітыкі, запуску варштату для фінансавання новага інвестыцыйнага цыклу залежыць ад таго, якія задачы будуць пастаўлены на дзяржаўным узроўні», - кажа Чубрык.
На ягоную думку, калі задача будзе ў захаванні падмурка і папярэджанні маштабнага эканамічнага крызісу, то імавернасць шырокай грашовай эмісіі будзе нізкай.
«Калі задача будзе ў тым, каб прафінансаваць новы інвестыцыйны цыкл у тым ліку за кошт варштату, то гэты цыкл, магчыма, будзе кароткім. Спробы заліць эканоміку грашыма могуць справакаваць маштабны крызіс - на валютным рынку, у банкаўскім сектары і ў сферы дзяржаўных фінансаў», - рэзюмаваў Чубрык.