Пенсіянер з Баранавічаў: У мяне ўскіпела душа, буду выходзіць на акцыі, пакуль ёсць сілы
- 17.11.2020, 12:47
Моцнае прызнанне 71-гадовага беларуса.
У рэдакцыю intex-press.by звярнуўся Уладзімір Станіслававіч. Мужчыну 71 год, і ён рэгулярна шпацыруе па горадзе нядзелямі. Пенсіянер распавёў, што прымусіла яго выйсці на акцыі пратэсту і як чырвоны гальштук давёў яго да суда.
- Я не хадзіў на пратэсты, якія пачаліся ў Баранавічах адразу пасля выбараў. Мне, як дзеду, «не даходзіла», што і як адбываецца ў краіне. Я не бачыў усёй жорсткасці. Але, паглядзеўшы ў інтэрнэце відэа і гісторыі людзей аб тым, як здзекаваліся з іх, я пачаў выходзіць. І буду гэта рабіць, пакуль будуць сілы. У мяне ўскіпела душа! Ну як так?!
Я хаджу на пратэсты не праз тое, што дрэнна жыву. Я прапрацаваў усё жыццё, задаволены пенсіяй. Я выходжу таму, што думаю: свой народ нельга пастаянна падманваць. Гэты падман доўжыцца ўжо 26 гадоў. А яшчэ праз гвалт. Куды столькі? За што?!
Мяне ўжо, як і многіх, затрымлівалі. Даставілі ў Баранавіцкі ГАУС 18 кастрычніка калі праходзіў нядзельны марш. Затрымалі таму, што я ішоў у чырвоным гальштуку. У міліцыі разам са мной сядзела чалавек дзесяць. Нічога не скажу, умовы былі нядрэнныя, усё праходзіла культурна. Міліцыянты нават усміхаліся мне вачыма. У той момант я падумаў, што, мабыць, не ўсё яшчэ страчана. Мяне адпусцілі праз тры гадзіны.
А потым - 27 кастрычніка - быў суд, на які я прыйшоў у сваім чырвоным гальштуку. Суддзя Мікалай Кміта спытаў, чаму я ў чырвоным гальштуку. Я адказаў: «Таму што для мяне гэта які-ніякі ўрачысты момант - мой першы суд за ўсё жыццё. Ды і прэзідэнт на інаўгурацыі быў у такім гальштуку». У выніку мне далі штраф. Не за гальштук, вядома, а за тое, што хадзіў па горадзе. Дажылі, ужо і пахадзіць нельга.
Я думаю, што праз аднаго чалавека 9 мільёнаў пакутаваць не павінны.