Алена Леўчанка: Давайце дапаможам Новай Баравой!
- 17.11.2020, 13:10
Знакамітая спартоўка пракаментавала адключэнне вады ў жыхароў пратэставага раёна.
«Чым горш "яны" робяць нам, тым горш "яны" робяць сабе. Давайце дапаможам Новай Баравой!» – напісала Алена Леўчанка ў Instagram, паведамляе tut.by.
Нагадаем, з нядзелі ў Новай Баравой няма вады. Рэч у тым, што хтосьці, верагодна, пашкодзіў засаўку ў адным з калодзежаў магістралі падачы вады ў раён. Мясцовыя жыхары мяркуюць, што праблема з падачай вады і развязанне гэтай праблемы, якое задоўжылася, могуць быць звязаныя з іх актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, а таксама з бел-чырвона-белай сімволікай, якую яны вывешваюць у дварах.
Цягам усіх гэтых дзён іншыя людзі дапамагаюць жыхарам Новай Баравой. Як мінімум – прывозяць ваду, запрашаюць памыцца да сябе. А сёння ў тэлеграме з'явіўся і чат дапамогі жыхарам Новай Баравой.
Услед за вадой сёння ў некаторых дамах у Новай Баравой прапала і ацяпленне, паведамілі чытачы.
Дарэчы, пасля 15 сутак на Акрэсціна Алена Леўчанка на запрашэнне калег з Фонду спартовай салідарнасці выступала перад жыхарамі раёна.