Кітай і Расея перасталі карміць Беларусь інвестыцыямі
- 17.11.2020, 14:19
Афіцыйны прагноз праваліўся.
Улады абнавілі статыстыку паступленняў прамых замежных інвестыцый. Прагнозныя паказнікі чыноўнікаў пад пагрозай зрыву.
Прамыя замежныя інвестыцыі на чыстай аснове – гэта паказнік, які ўрад ужо некалькі гадоў запар закладвае ў прагноз на будучы год. Гэты індыкатар добры тым, што туды не ўключаныя разнастайныя пазыковыя інструменты – тыпу крэдытаў і пазык, дэбіторкі, крэдыторкі, лізінгу і да т.п. Паступленне прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове лічаць як баланс – валавы прыток інвестыцый за мінусам іх адтоку з краіны. Атрымліваецца, што праз паказнік чыстых інвестыцый можна атрымаць больш-менш адэкватную карціну цікавасці замежных інвестараў да Беларусі, пішуць banki24.by.
Афіцыйны прагноз на 2019 год праваліўся. Саўмін планаваў сабраць па свеце не менш за 1,6 млрд USD, а выйшла 1,327 млрд USD – з улікам продажу нерухомасці нерэзідэнтам і выплачаных інвестарамі падаткаў у бюджэт.
Без нерухомасці і падаткаў інвестараў паступленні былі яшчэ сціплейшымі – 1,227 млрд USD. Звесткі пра прамыя замежныя інвестыцыі абнаўляюцца раз на квартал.
Цяпер стала даступная інфармацыя за 9 месяцаў. У цэлым за студзень – верасень беларуская эканоміка сабрала 1,292 млрд USD. Аднак паступленні цягам года былі нераўнамерныя. Калі за 1 квартал у краіну прыйшло 1,456 млрд USD, то ў 2 квартале чысты адток склаў 100,5 млн USD, у 3 квартале з Беларусі выцекла 63,8 млн USD.
Упершыню за апошнія гады фіксуецца адток прамых інвестыцый з Беларусі цягам двух кварталаў запар. У 2 квартале інвестыцыі сыходзілі з краіны ў сувязі з крызісам у сусветнай эканоміцы і выплатай гадавых дывідэндаў замежным акцыянерам. У 3 квартале відавочна паўплывалі вынікі выбараў і сацыяльна-палітычная нестабільнасць пасля іх.
Гадавы прагноз у інвестыцыях на 2020-ы складае 1,7 млрд USD. Прывабіць 408 млн USD у цяперашніх умовах будзе вельмі цяжка, калі ў прынцыпе магчыма. Раней нават у стабільныя перыяды за кастрычнік – снежань у краіну прыходзіла не больш за 0,3 млрд USD. У сутнасці афіцыйны прагноз зноў пад пагрозай зрыву.
На турбулентную сітуацыю ў Беларусі найбольш нервова адрэагавалі інвестары з краінаў за межамі СНД. Чысты адток інвестыцый з краінаў гэтай тэрытарыяльнай групоўкі склаў 79,6 млн USD (супраць адтоку 22,7 млн USD у 2019-м).
У выніку на 1 кастрычніка 2020-га прамыя інвестыцыі на нета-аснове з «па-за СНД» склалі 671,8 млн USD. Зрэшты, і на расейскім напрамку не ўсё было гладка. За 3 квартал расейцы забралі з Беларусі 4,1 млн USD, хоць год таму быў прыток у аб'ёме 16,5 млн USD. За 9 месяцаў інвестыцыі з РФ склалі 315,4 млн USD.
Кіпр традыцыйна з'яўляецца ціхай заванню для вываду капіталаў падчас крызісаў. Вось і ў 3 квартале туды вывелі 69 млн USD. Назапашаны вынік за 9 месяцаў яшчэ дадатны – 135 млн USD. Дзяржаўныя СМІ любяць пісаць пра асаблівыя стасункі Беларусі з Кітаем.
Між тым амаль усе кітайскія грошы – гэта звязаныя крэдыты і пазыкі, якія можна аднесці да інвестыцый з вялікай нацяжкай. Паводле тыповых кітайскіх умоваў рэсурсы ў прынцыпе не могуць пакідаць межы фінансавай сістэмы КНР. Кітайскія банкі крэдытуюць кітайскія кампаніі, якія з'яўляюцца падраднікамі на беларускіх аб'ектах і прывозяць кітайскіх працоўных.
Адсюль і мізэрны аб'ём прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове – усяго 19,1 млн USD за 9 месяцаў (у 2019-м было 33,4 млн USD). Больш за тое, у 3 квартале нават гэтая бедная ручаіна інвестыцый перасохла: сфармаваўся чысты адток на суму 0,6 млн USD.