У Жабінцы школьны настаўнік распачаў страйк
- 17.11.2020, 16:00
Педагог патлумачыў, чаму не змог маўчаць у такой сітуацыі.
У школе Віктар Чарнак прапрацаваў пяць гадоў. Апроч працы настаўнікам інфарматыкі і астраноміі, ён на паўстаўкі займаў пасаду інжынера-праграміста і вёў дапрафесійную падрыхтоўку па фатаграфіі, паведамляе tut.by
Пастанову страйкаваць выкладчык, кажа, прыняў яшчэ ў жніўні, але заяву кіраўніцтву аддаў толькі 16 лістапада.
- Я прыехаў раніцай на працу, правёў першы ўрок, пайшоў да дырэктара і паклаў заяву на стол. Паведаміў класнаму кіраўніку школьнікаў, у якіх вёў урок, і з'ехаў дадому. Дома ўжо паглядзеў, што ў тэлефоне прапушчаныя выклікі, ператэлефанаваў. Дырэктарка праз тэлефон сказала, што трэба было яе дачакацца, пагаварыць. Я ёй растлумачыў, што баяўся ціску. Сказаў, што згодны і на звальненне паводле артыкула, калі па-іншаму ніяк нельга. Але я не магу ўрокі весці ў такой сітуацыі, - распавёў Віктар.
Са слоў мужчыны, на страйк ён пайшоў праз палітычную сітуацыю ў краіне. У заяве напісаў, што пастанову прыняў праз «прававы дэфолт, беззаконне, бесперапынны гвалт» у дачыненні да мірных грамадзян.
- Я зразумеў, што не змагу працаваць. Каб дзецям не нашкодзіць, каб у іх нармальная адукацыя была, хай іншага настаўніка шукаюць, - падзяліўся Віктар
Настаўнік патлумачыў, што ў жніўні са школы звольнілася ягоная калега, якая вяла ў дзяцей фізкультуру:
- Яна ў выбарчай камісіі была. Цяпер з'ехала ў Польшчу працаваць.
Як паведаміў Віктар, пасля размовы з дырэктаркай у панядзелак званкоў з адміністрацыі школы яму не паступала. Мужчына мяркуе, што яго звольняць.
- Я пакуль дома сяджу, займаюся сваімі справамі. Калі па-іншаму ніяк маё пытанне не развяжуць, то хай звальняюць. (...) Планаў на найбліжэйшую будучыню пакуль няма. У мяне шмат спецыяльнасцяў, пагляджу, дзе і куды. Мне ўжо і ў Менск прапаноўвалі пераязджаць на працу, - распавёў Віктар.