BE RU EN

Барак Абама: Расея перастала быць звышдзяржавай

  • 17.11.2020, 17:44

Экс-прэзідэнт ЗША апублікаваў мемуары.

Сёння выйшаў першы том кнігі Барака Абамы, напісанай пасля ягонага прэзідэнцтва. Былы прэзідэнт ЗША ў сваіх мемуарах «Зямля запаветная» (A Promised Land) напісаў, што Расея больш не з'яўляецца звышдзяржавай, бо яе ядзерны арсенал саступае ЗША, у яе няма маштабнай сеткі хаўруснікаў і баз, а эканоміка амаль цалкам залежыць ад экспарту нафты, газу , мінералаў і ўзбраенняў, паведамляе тэлеканал «Дождь».

Абама дадаў, што жыццё грамадзян Расеі азмрочана карупцыяй і маёмаснай няроўнасцю.

«Пазбаўленая ідэалагічных апор - светлай будучыні ў выглядзе аб'яднаных рабочых, якія скінулі свае ланцугі, - Расея за Пуціным стала замкнёнай краінай, якая з падазрэннем адносіцца да навакольнага свету: магчыма, яе варта баяцца, але не раўняцца на яе. Менавіта гэты разрыў паміж рэальным становішчам спраў у сучаснай Расеі і патрабаваннем Пуціна ўважаць яе за звышдзяржаву, думаў я, і дапамагае растлумачыць рост ваяўнічасці краіны ў замежных стасунках», - напісаў Абама.

Раней выходзілі дзве ягоныя кнігі - «Мары майго бацькі» (Dreams From My Father) у 1995 годзе і «Дзёрзкасць надзеі» (Audacity of Hope) у 2006 годзе. Абедзве сталі бэстсэлерамі. «Зямля запаветная» выйшла накладам тры мільёны асобнікаў. За яе і кнігу Мішэль Абамы «Becoming. Мая гісторыя», выдадзеную ў 2018 годзе, выдавецтва Penguin Random House заплаціла рэкордны аванс - 65 мільёнаў даляраў.

Апошнія навіны