Журналістка «Белсата» Кацярына Андрэева арыштаваная на сем дзён
- 17.11.2020, 17:53
Таксама яна прызнаная «падазраванай паводле крымінальнай справы».
Карэспандэнтка тэлеканала «Белсат» Кацярына Андрэева асуджаная на сем дзён адміністрацыйнага арышту. Так пастанавіла суддзя суда Кастрычніцкага раёна Менска Вольга Няборская, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.
Андрэева прызнаная вінаватай паводле артыкула 23.34 (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) і 23.4 (непадпарадкаванне патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі) КоАП.
«Згодна з пратаколам Кацярыну затрымлівалі на вуліцы і яна брала ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, хоць яна з 12.00 да 17.30 знаходзілася ў кватэры на Смаргоўскім тракце на 14-м паверсе, што пацвердзіў у судзе сведка - гаспадар кватэры Дзмітрый, - паведамляе БАЖ. - Каці нават не далі азнаёміцца з пратаколам, яна яго ўпершыню ўбачыла ў судзе. Вінаватай сябе не прызнала і абвінаваціла міліцыянтаў, якія складалі пратакол, у ілжэсведчанні».
Андрэева расказала ў судзе, што яе затрымлівалі ў кватэры, дзе выламалі дзверы і забеглі амаль 10 спецназаўцаў. Яны нічога не тлумачылі, загадалі сабраць рэчы і ісці з імі. Са слоў Андрэевай, гвалту падчас затрымання да яе не ўжывалі.
У РУУС, куды даставілі журналістку, ёй стала дрэнна і на машыне хуткай дапамогі яе даставілі ў 9-ю лякарню. «Нічога сур'ёзнага не знайшлі, але прапісалі пасцельны рэжым, поўны спакой і абавязковы візіт да неўролага на наступны дзень. Але раніцай 16 лістапада яе забралі ў РУУС, а адтуль даставілі ў ЦІП», - удакладняе БАЖ.
Затрыманая разам з Андрэевай Дар'я Чульцова, як паведамляе БАЖ, пакараная таксама 7 днямі арышту. Ёй выстаўлялася парушэнне тых жа артыкулаў КоАП.
Як паведамлялася, Андрэева прызнаная падазраванай у крымінальнай справе (арт.342 КК - арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Журналістцы пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі. Супрацоўнікі Следчага камітэта прыходзілі па месцы прапіскі яе мужа Ігара Ільяша, які таксама працуе ў СМІ.