Хто з беларускіх футбалістаў падтрымаў пратэсты?
- 17.11.2020, 18:15
Гэта вам не хакеісты.
Што тычыцца падтрымкі апанентаў рэжыму, то да выбараў футбалісты ў гэтым заўважаныя практычна не былі. Актыўна выказваўся хіба што былы галкіпер нацыянальнай каманды і на той момант яшчэ дзейны трэнер брамнікаў берасцейскага «Дынама» Васіль Хамутоўскі, піша tut.by.
Куды больш яўна прадстаўнікі футбола сталі выказваць сваю пазіцыю пасля выбараў. Сярод прычын - затрыманне форварда БАТЭ і нацыянальнай каманды Антона Сарокі.
14 жніўня генеральны дырэктар футбольнага клуба БАТЭ Міхаіл Залеўскі раскрытыкаваў жорсткасць сілавікоў у дачыненні да дэманстрантаў у Беларусі і запісаў відэа, дзе ён выкідвае ў кантэйнер для смецця форму з афіцэрскімі пагонамі. Неўзабаве ён пакінуў клуб.
Некаторыя футбалісты пачалі святкаваць галы і перамогі жэстамі Ціханоўскай, Калеснікавай і Цапкалы. Напрыклад, адзін з найлепшых бамбардзіраў чэмпіянатаў Мікалай Януш і брамніца жаночай нацыянальнай каманды Наталля Васкабовіч.
Самую радыкальную пазіцыю заняў форвард ЦСКА Ілля Шкурын, які і зусім адмовіўся гуляць за нацыянальную каманду Беларусі, пакуль у краіне не зменіцца ўлада. Дарэчы, і трэнер «армейцаў» Віктар Ганчарэнка выступіў супраць гвалту і за сумленны падлік галасоў.
Практычна адразу пасля выбараў допіс у падтрымку дэманстрантаў апублікаваў нападнік нацыянальнай каманды Беларусі Мікалай Сігневіч.
Збіццё футбалістаў «Крумкачоў»
23 жніўня на акцыі былі затрыманыя футбалісты «Крумкачоў» Сяргей Казека і Павел Расолька. Іх падазравалі ў нападзе на аўтамабіль сілавікоў. Гульцам дужа дасталася, хоць неўзабаве выявілася, што яны ніякага дачынення да тых падзей не маюць.
На наступны матч каманды супраць менскага «Дынама» сабраўся цэлы стадыён, а заўзятары не абышліся без лозунгаў «Ідзі!», «Трыбунал» і «Жыве Беларусь!». Гульцы выйшлі на сустрэчу ў майках з заклікам спыніць гвалт, а ў пачатку гульні абедзве каманды правялі акцыю ў падтрымку пацярпелых гульцоў.
Неўзабаве адразу сотня футбалістаў чэмпіянату Беларусі выступіла супраць гвалту. Яны запісалі адмысловы відэаролік, пад якім падпісаліся і многія футбалісты нацыянальнай каманды Беларусі: Павел Няхайчык, Ягор Філіпенка, Дзяніс Шчарбіцкі, Дзмітрый Бага, Антон Чычкан, Андрэй Хачатуран, Станіслаў Драгун, Аляксандр Сачыўка, Максім Бардачоў.
У Свабодным аб'яднанні спартоўцаў гульцоў (SOS BY) падтрымалі, але пры гэтым выказалі надзею на іх больш выразную пазіцыю аб палітычнай сітуацыі ў краіне.
Калі была затрыманая баскетбаліста Алена Леўчанка, відэа ў яе падтрымку запісаў Станіслаў Драгун, а клуб другой лігі «Першы Рэгіён» адмовіўся выходзіць на найбліжэйшыя матчы. Дарэчы, Драгуна затым не выклікалі на матчы нацыянальнай каманды, матываваўшы гэта каранавірусам, што, зрэшты, не перашкаджала Стасу трэніравацца з асновай БАТЭ.
Сярод актыўных чальцоў SOS BY з футбалістаў ёсць толькі Васіль Хамутоўскі, але некаторыя футбалісты ўскосна падтрымліваюць ініцыятывы арганізацыі. Напрыклад, Ігар Стасевіч і Аляксандр Мартыновіч выставілі на дабрачынны аўкцыён свае гульнявыя майкі. Сродкі пойдуць на дапамогу рэпрэсаваным спартоўцам. Віталь Кутузаў жа падахвоціўся падтрымаць знакамітага аўтара фразы пра «клапотную справу».
Нядаўна пазіцыю выказаў і абаронца берасцейскага «Дынама» Алег Вераціла, які напісаў, што нават пасля перамог ягоныя «думкі з народам». Допіс футбаліст суправадзіў знакамі аб'яднанага штаба апазіцыі.
Цяпер галоўны трэнер «Ротара», а ў мінулым адзін з лідараў нацыянальнай каманды Беларусі Аляксандр Хацкевіч даў сваю ацэнку пратэстным акцыям.
«Я гляджу навіны, шукаю інфармацыю ў сацсетках, бо на ТБ не паказваюць усяго, што адбываецца на вуліцы. Чытаю, маю стасункі з сябрамі. Мне вельмі балюча бачыць тое, што там робіцца. Трывожна на сэрцы, у тым ліку за бацькоў.
Цяпер у Беларусі ніхто не абаронены - ніякіх правоў няма ў людзей. Па-мойму, Мандэла сказаў: «Кіраўнік, які знішчае свой народ, забівае дзяржаву. А кіраўнік, які шукае прымірэння, стварае нацыю».
Беларускі пратэст больш мірны і менш арганізаваны ў параўнанні з украінскім, але, калі людзі масава выйшлі на вуліцы, гэта значыць адно: просты народ давялі, - сказаў Хацкевіч.
Не абышлося ў футбольным асяроддзі і без затрыманняў. Да прыкладу, 19-гадовы форвард «Гарадзеі» Расціслаў Шавель адседзеў у суме ўжо 21 дзень.
Сярод падпісантаў звароту супраць гвалту і фальсіфікацый ёсць больш за 60 людзей, звязаных з футболам. Сярод іх і шэраг вядомых футбалістаў і трэнераў. Акрамя ўжо згаданага раней Хамутоўскага гэта Андрэй Астроўскі, Сяргей Штанюк, Генадзь Туміловіч, Алег Дулуб, Піліп Іваноў, Піліп Рудзік, Сяргей Герасімец, Яўген Касцюкевіч, Павел Платонаў і Кірыл Алексіян.