Еўракамісія падпісала пагадненне з пятым вытворцам вакцыны на 405 млн доз
- 17.11.2020, 21:11
Еўрапейская камісія зацвердзіла кантракт з еўрапейскай фармацэўтычнай кампаніяй CureVac.
Еўрапейская камісія зацвердзіла кантракт з еўрапейскай фармацэўтычнай кампаніяй CureVac на куплю будучай вакцыны ад каранавіруса.
Як паведамляе «Европейская правда», адпаведная заява размешчаная на сайце ЕК.
Кантракт прадугледжвае закупку 225 млн доз ад імя ўсіх дзяржаў-сябраў ЕЗ, а таксама магчымасць атрымаць яшчэ да 180 млн доз, як толькі пасля вакцынацыі прэпарат дакажа сваю бяспеку і эфектыўнасць супраць COVID-19.
Гэта ўжо пяты кантракт Еўракамісіі на куплю вакцын. Раней былі заключаны дамовы з вытворцамі AstraZeneca, Sanofi-GSK, Janssen Pharmaceutica NV і BioNtech-Pfizer. Таксама вядуцца перамовы з Moderna. Усе вакцыны будуць вырабляцца ў краінах ЕЗ.
Дзяржавы-сябры могуць таксама прыняць пастанову пра перадачу вакцыны краінам з нізкім і сярэднім узроўнем даходу або пра перанакіраванне яе ў іншыя еўрапейскія краіны.
Прэзідэнт Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен сказала: «Праз некалькі дзён пасля нашага кантракту з BioNTech і Pfizer я рада паведаміць пра новае пагадненне з перспектыўнай еўрапейскай кампаніяй».
«На сёння Камісія забяспечыла не менш за 1,2 млрд доз і выконвае сваё абавязанне забяспечыць роўны доступ да бяспечных, эфектыўных і даступных вакцын не толькі для грамадзян ЕЗ, але і для бедных і ўразлівых людзей у свеце. Большасць з гэтых кандыдатаў на вакцыну знаходзяцца на прасунутай фазе клінічных выпрабаванняў, і, спадзяемся, сертыфікацыя пацвердзіць гэтыя станоўчыя вынікі, пасля чаго яны дапамогуць нам у пераадоленні пандэміі», - сказала фон дэр Ляен.