У Беларусі складскія запасы ў прамысловасці пабілі пяцігадовы рэкорд
- 2.11.2020, 8:27
У якіх сферах мацней за ўсё заваленыя склады?
Сайт banki24.by шукае пункты на мапе Беларусі, якія пацярпелі ад затаварвання больш за астатнія.
Запасы гатовай прадукцыі ў беларускай прамысловасці дасягнулі 5,057 млрд BYN. У параўнанні з сярэднемесячным аб'ёмам вытворчасці гэта 68,5%.
Такі ўзровень складскіх запасаў на 1 кастрычніка з'яўляецца самым высокім за пяцігодку. Горш было толькі 1 кастрычніка 2013-2015 гадоў, калі запасы перавышалі 70%.
Пачынаючы з чэрвеня, узровень складскіх запасаў рухаецца практычна па траекторыі крызіснага 2015 года, калі эканоміку скалынала дэвальвацыя.
У ліпені дзеля скарачэння складскіх запасаў у машынабудаванні Мінфін пайшоў на выпуск рублёвых аблігацый на агульную суму 200 млн BYN. Грошы былі накіраваныя сельскім гаспадаркам, каб тыя купілі застаялую тэхніку ў прамыслоўцаў. Выпуск аблігацый з такімі характарыстыкамі (на 100 млн BYN) быў прададзены і ў верасні.
У Берасцейскай вобласці складскія запасы склалі 552,3 млн BYN, ці 64,9% ад месячнага выпуску. Лідарамі паводле аб'ёму запасаў у рэгіёне сталі Берасце (178,8 млн BYN) і Баранавічы (132,2 млн BYN).
У Віцебскай вобласці запасы гатовай прадукцыі дасягнулі 523,7 млн BYN (51,8% месячнага выпуску). Першыя месцы паводле памеру запасаў занялі прадпрыемствы Віцебска (286,3 BYN) і Аршанскага раёна (119,2 млн BYN). Пры гэтым на Аршаншчыне быў зафіксаваны і самы высокі адносны ўзровень запасаў - 197,7% месячнага выпуску.
У Гомельскай вобласці складскія запасы дасягнулі 433,4 млн BYN (28,3% месячнага выпуску). У прадпрыемстваў абласнога цэнтра сабралася нераспрададзенай гатовай прадукцыі на 254,9 млн BYN.
У Гарадзенскай вобласці запасы гатовай прадукцыі склалі 582,5 млн BYN (67,4% месячнага выпуску). У Гародні буйныя і сярэднія кампаніі трымалі на складах 275,3 млн BYN, у Лідскім раёне - 80,1 млн BYN, у Смаргонскім раёне - 77,7 млн BYN.
У Менскай вобласці складскія запасы склалі 1,297 млрд BYN (98,7% месячнага выпуску). Безумоўны лідар у запасах - Жодзіна, дзе прадпрыемствы назапасілі гатовай прадукцыі на 488,2 млн BYN (5,8 месяцаў выпуску). Вялізныя запасы ў Жодзіне звязаныя з працай БелАЗ.
У Магілёўскай вобласці складскія запасы дасягнулі 411,9 млн BYN (64,8% месячнага выпуску). У прадпрыемстваў Магілёва запасы склалі 186,2 млн BYN, у кампаній з Бабруйска - 129,4 млн BYN.
У Менску запасы гатовай прадукцыі склалі 1,256 млрд BYN (107,1% месячнага выпуску). Лідарамі ў запасах у горадзе сталі машынабудаўнікі (304,1 млн BYN) і вытворцы транспартных сродкаў (262,3 млн BYN).