Ідэолагі недагледзелі «БелДжы»
- 2.11.2020, 9:35
Фотафакт.
Ідэалагічная служба барысаўскага прадпрыемства для зборкі кітайскіх аўтамабіляў СЗАТ «БелДжы» цалкам ігнаруе бел-чырвона-белую расфарбоўку некалькіх будынкаў на завадской тэрыторыі, піша ex-press.by.
Гаворка ідзе пра гатэль і пажарнае дэпо.
І гэта ў той час, калі суды прымаюць да ўвагі тое, што нават бел-ружова-белай пасцілой можна выказваць свае пратэстныя настроі!
Дзясяткі тысяч работнікаў камунальных і не толькі камунальных службаў па ўсёй краіне пад пільным наглядам мужных праваахоўнікаў нястомна зафарбоўваюць і нават выпальваюць ідэалагічна няправільныя спалучэнні колераў, ад якіх цалкам здаровым, на першы погляд, людзям, становяцца дрэнна.
І ў гэты час на «БелДжы» ігнаруюць наяўнасць гэтага спалучэння. Магчыма, у квітнеючага прадпрыемства няма столькі грошай, каб усю чырвоную паласу зафарбаваць белай фарбай. Але ж можна побач з чырвонай паласой правесці тоненькую зялёную - быў бы зусім іншы каленкор. І, зноў жа, ідэалагічная атака адбітая. А то «зефіркі» ў руках пільна разглядаюць, а бервяно, у выглядзе размаляваных будынка СЗАТ «БелДжы», не бачаць!
- Дзе розум, дзе логіка? - як спытаў бы ў гэтым выпадку Вовачка з вядомага анекдоту.