Што агульнага паміж англійскімі паэтамі, Пушкіным і Касцюшкам?
- Анатоль Трафімчык, «Новы час»
- 2.11.2020, 11:50
Значнасць Касцюшкавай асобы яшчэ падчас жыцця героя не падвяргалася сумненню творцамі нават тых дзяржаў, супраць якіх ён вёў барацьбу.
У еўрапейскай культуры тым часам квітнела эпоха рамантызму, і падобныя фігуры атрымлівалі павышаную ўвагу. Таму паэтычная творчасць Сэмюэла Тэйлара Колрыджа, Джэймса Генры Лі Ханта, Уолтэра Сэваджа Лэндара не абмінула такога выбітнага сучасніка, якім стаў Тадэвуш Касцюшка. Яго арэол распаўсюдзіўся і на тагачасную нямецкую літаратуру (Карл фон Хольтэй).
Як пісаў Зыгмунд Крысіньскі, у першай чвэрці ХІХ стагоддзя, cярод англійскіх паэтаў «nie ma prawie żadnego, który by o Polsce i o Kościuszce nie wspomniał». І праўда, цяжка знайсці гістарычную постаць, якая б лепшым чынам адпавядала канонам літаратуры рамантызму. Касцюшка, узгадаваны на глебе асветніцтва з ідэалам моцнай манархіі, як чалавек і грамадзянін натуральна ўпісваўся ў кантэксты абедзвюх эпох: адукаваны і мудры, ён меў ідэалы надыходзячай аксіялогіі («свабода, роўнасць, братэрства»), якія ўвасабляў, ажыццяўляў падчас барацьбы за незалежнасць Злучаных Штатаў і не здолеў гэтага зрабіць пры ўсіх сваіх тытанічных высілках у вайне супраць драпежных краінаў — суседзяў Рэчы Паспалітай.
Тая ўвага з боку англічанаў выглядае трохі парадаксальнай, бо ліцвін стаў сусветнавядомым менавіта праз велізарны ўнёсак у разгром войскаў вялікабрытанскай метраполіі, чым добра-такі прыклаўся да незалежнасці Злучаных Штатаў, што фактычна стварыла прэцэдэнт для развалу імперыі саксаў.
Здабыткам літаратуры і культуры Беларусі стаў «Санет да Касцюшкі» англійскага паэта Джона Кітса ў перакладзе Язэпа Семяжона. Адзін з галоўных рамантыкаў Туманнага Альбіёна з’явіўся на свет літаральна адразу пасля паўстання і Вялікай французскай рэвалюцыі, у час, калі яшчэ жылі іх рамантычныя ідэалы, блізкія яму па духу, у час, калі жыў яшчэ і сам кіраўнік паўстання. Таму і выбар лірычнага героя бачыцца невыпадковым. Касцюшка са сваімі імкненнямі «спапяліць няволю і прыгон» — фігура асабліва прывабная для рамантыкаў.
Адштурхоўваючыся ад значнасці касцюшкаўскай постаці, у стылі рамантызму ўзносячы героя да вышыняў вечнасці, Дж. Кітс на гэтай падставе робіць шырэйшыя высновы: дэкларуе аб веры ў неўміручасць ідэалаў свабоды, роўнасці, братэрства, аб веры,
...што прыйдзе час,
Калі і наш народ дабро спазнае
І ўпоравень з сабой герояў з нас,
Цяперашніх і даўніх аб’яднае
Ў магутны хор, і гімн іх паплыве
Ў нябёсаў сферы, дзе Тварэц жыве1.
Відавочна, Язэп Семяжон не выпадкова, а свядома і адмыслова рабіў пераклад гэтага верша, працытаваныя радкі якога найлепшым чынам упісваюцца ў кантэкст перажыванняў патрыятычнай інтэлігенцыі Беларусі савецкіх часоў (год перакладу мной не ўстаноўлены; перакладчыка ж не стала ў 1990 годзе). Да таго ж перакладчык па-мастацку «адаптаваў» арыгінал, перанёс яго на беларускую глебу, што абумовіла, напрыклад, адсутнасць у вершы такой знакамітай асобы ў гісторыі англійскага народа, як кароль англасаксаў Альфрэд, які фігуруе ў санеце Дж. Кітса і знайшоў месца ў перакладзе на расійскую мову2.
Такім чынам, праз мастацкі пераклад Семяжон выявіў сваю грамадзянскую пазіцыю — метад не новы для літаратурнага працэсу, але характэрны ў варунках уціску творчай асобы (магчыма, дарэчы, да перакладу разгледжанага верша Дж. Кітса беларускага творцу падштурхнула праца над перастварэннем наскрозь патрыятычнага «Пана Тадэвуша» Адама Міцкевіча, дзе Касцюшка неаднаразова згадваецца часта ў прынцыповых для твора момантах).
Сустракаецца ўжыванне вобраза Тадэвуша Касцюшкі як мастацкага канцэпту і ў самога Джорджа Байрана. Брытанскія рамантыкі не толькі салідарызаваліся з суайчыннікамі Касцюшкі, якіх спасцігла дзяржаўная катастрофа падзелаў больш моцнымі суседзямі, але і выражалі аптымізм у захаванні народам гістарычнай памяці:
Вы жыхары Касцюшкавай зямлі,
Якую скрозь крывёю залілі
Сатрапы кацярынінскіх часоў...
Вы не забыліся на тую кроў?3
Не пакінуў па-за сваёй паэтычнай увагай фігуру Касцюшкі як знакавую для свайго часу і Аляксандр Пушкін. Знамянальна, што ў вершы «Клеветникам России» (1931) пііт спачатку гаворыць пра «волнения Литвы» (а не Польшчы), называючы падзеі «спором славян между собою» (падкрэслена мной. — А. Т., гэтым самым расійскі класік выяўляе ўспрыманне ліцвінаў не як сучасных літоўцаў, а, значыць, як беларусаў)4. А яшчэ раней, звяртаючыся, як можна разумець, да аднаго з патэнцыяльных такіх «клеветников» — графа Густава Алізара (польскага паэта і грамадскага дзеяча), А. Пушкін спрабуе нівеляваць непрыемныя для Расіі палітычныя перыпетыі, бо, маўляў, «глас поэзии чудесной / сердца враждебные дружит». Пры гэтым ён апелюе да таго факту, што барацьба праходзіла з пераменным поспехам:
И вы, бывало, пировали
Кремля [позор и] плен,
И мы о камни падших стен
Младенцев Праги избивали,
Когда в кровавый прах топтали
Красу Костюшкиных знамен.
Як бачым, для расійскага паэта, які inter alea нібыта «милость к падшим призывал», маніякальна-брутальныя забойствы немаўлят — даволі трывіяльная з’ява, якая не павінна па яркасці пераўзысці «глас поэзии», «улыбку муз», «сладкие звуки вдохновенья». Такім чынам, А. Пушкін фактурна прызнае жорсткасць з расійскага боку і называе яе час — шляхам спасылкі на паўстанне пад кіраўніцтвам Касцюшкі, штандары якога тапталіся «в кровавый прах».
Такім чынам, пры параўнанні выяўляецца розніца ў рэцэпцыі і разуменні гістарычнай постаці Т. Касцюшкі і падзей з яго ўдзелам. І ўжо ў ХІХ стагоддзі вобраз Тадэвуша Касцюшкі ў якасці мастацкага вобразу і канцэпту стабільна заняў пазіцыі ў мастацкай літаратуры.
Анатоль Трафімчык, «Новы час»