BE RU EN

Пётр Клюеў: Людзі рабілі сэлфі на фоне выбухаў

  • 2.11.2020, 13:51

Музыка гурта ЛСП расказаў, чаму ўдзельнічаў у пратэстах.

Вядомы беларускі музыка, удзельнік легендарнага гурта ЛСП Пётр Клюеў у інтэрв'ю праграме сайта Charter97.org Studio Х97 расказаў пра музыку, рэвалюцыйную сітуацыю ў Беларусі, пазіцыі артыстаў і сакральны сэнс пратэстаў у краіне. Таксама музыка расказаў, ці сумняваўся ён, выходзячы на акцыю пратэсту 9 жніўня.

– Не сумняваўся. Таму што кажуць: «Навошта ты ідзеш? У цябе двое дзяцей». Так, у мяне двое дзяцей, таму я іду. Таму што я хачу, каб мае дзеці жылі ў краіне, дзе ты можаш скарыстацца сваімі элементарнымі правамі. Гаворка ў Беларусі ідзе не пра нейкія суперсправы. Гэта выкананне элементарных правоў чалавека. На нашым раёне, у Каменнай горцы, мы выйшлі ўсёй сям'ёй да школы, да выбарчага ўчастка. Яны павінны былі вывесіць колькасць людзей, якія прыйшлі прагаласаваць на ўчастак. Яны гэтага не зрабілі. Проста ў найвышэйшай ступені цынізм і непавага да людзей, якія плацяць падаткі, якія паважаюць закон, якія пераходзяць на зялёнае святло святлафора. Чаму мы выконваем закон, а яны не, прычым мы ім яшчэ за гэта плацім.

Людзі выйшлі да школы, я выйшаў са сваёй сям'ёй, з дзецьмі, з жонкай. Мы акружылі школу і крычалі: «Выходзь!» Дырэктарка школы вельмі моцна спалохалася, прыехаў АМАП і ў ачапленні яе забралі і павезлі. Так і не вывесілі на выбарчым участку ніякіх звестак пра тое, што нешта адбылося. Поўная непавага да людзей. Пасля ўвечары я паехаў у цэнтр, бо там былі мае браты, там былі мае сябры, там былі мае калегі. Я не мог не паехаць, таму што я павінен быў выказаць: «Хлопцы, гэта было выказванне за элементарныя каштоўнасці». І што мы рабілі? Мы стаялі, мы спявалі песні і пляскалі на ходніках, у дазволеных месцах, якія не на дарогах. Але прыехалі гэтыя людзі. Я нават не ведаю як іх назваць, якое падабраць слова ў літаратуры, і проста на нас. На людзей, якія пляскаюць у далоні... Я думаў, што будзе як у 2010 годзе – палкамі памахаюць і разбяжымся. Але калі я ўбачыў, што ў нас, якія пляскаюць і спяваюць, кідаюць гранаты і калі я ўбачыў за пяць метраў ад сябе хлопца азіяцкай знешнасці, магчыма, гэта быў нейкі кітаец-студэнт, і ў яго палілася кроў, я ўбачыў перад сабой за метраў 20 людзей з нейкімі стрэльбамі (я не разбіраюся ў агнястрэльнай зброі), я не думаў, што гэта ўбачу, накіраваныя на нас, на мяне ў тым ліку, гранаты. Я ўбачыў гэты жах і ў мяне з'явіліся перад вачыма мае двое дзяцей, я зразумеў, што цяпер магу загінуць.

Але я быў з людзьмі і мы былі салідарныя, мы былі разам. Я як артыст у тым ліку паехаў, бо разумеў, што маё з’яўленне можа таксама людзям дапамагчы. Падыходзіла моладзь і казала: «Пеця Клюеў, дзякуй, што вы з намі». Выбухі на фоне, а яны сэлфі робяць. Прыемна, таму што я сваёй прысутнасцю мог зрабіць карысную, добрую энэргетыку. Даць людзям веру, што мы ўсе там. Найглыбейшы жах, што я зазнаў у тую ноч, вярнуўшыся дадому вельмі позна, цудам вярнуўшыся, калі шчыра, я ўсвядоміў, што Беларусь ужо не будзе ранейшай. Даўно ўжо гэта было зразумела, але дэман расправіў крылы ў тую ноч, яны не чакалі, што нас выйдзе столькі людзей. Яны думалі, што нас выйдзе мала і ім была дадзеная задача – знішчыць! Тут яны разумеюць, што фізічна з намі справіцца не змогуць, і пачалося шаленства.

– Бачыў я відэа, на якім ты ў Менску спяваеш «Асцярожна, лістапад», а вакол тысячы і тысячы людзей з агеньчыкамі мабільных тэлефонаў. Глядзеў і думаў, а што адчувае чалавек, які спявае, і ўся гэтая прыгажосць вакол. Што ты адчуваў?

– Любоў. Я люблю людзей, і таму я гэта адчуваў. У той дзень, гэта быў чацвер, гэта быў Дзень незалежнасці Беларусі з 1991 да 1995 года. Я проста стаяў у натоўпе, і я прыехаў туды, як звычайны чалавек, як я гэта і рабіў, не думаючы, што буду выступаць. Але падышлі хлопцы, у якіх былі калонкі, кажуць «Пеця, ты праспяваеш?», кажу: «Так, але я без нікога, без музыкаў». І тут я тэлефаную гітарысту, а гітарыст таксама там, Пашка Трыпуць, і мы разам злучыліся, знайшлі гітару і абсалютна экспромтам, як гэта і належыць, выступіў, падзяліўся тым, што ўнутры. Таму што людзям патрэбная любоў, асабліва ў гэтай сітуацыі, калі так шмат злосці. І вось і ўсё. Гэта было натуральна.

Паважаныя чытачы! Вы можаце падпісацца на канал «Хартыі-97» на Youtube charter97video. Для гэтага трэба зайсці на старонку charter97video і націснуць чырвоную кнопку «Падпісацца». Калі вы хочаце атрымліваць паведамлення пра новыя відэа на канале charter97video, то націсніце «званочак».

Апошнія навіны