Тэракт у Вене: напады адбыліся ў некалькіх раёнах горада
- 3.11.2020, 9:10
Да падтрымання парадку ў аўстрыйскай сталіцы залучанае войска.
Напады адбыліся ў панядзелак увечары адразу ў шасці месцах аўстрыйскай сталіцы, недалёка ад сінагогі ў цэнтры горада. Атакам зазналі дзве рэстарацыі, сінагога і яўрэйскі культурны цэнтр, паведамляе svoboda.org.
Паводле інфармацыі ўладаў нападнікаў было некалькі. Прынамсі, адзін з іх усё яшчэ ва ўцёках, у Вене трывае антытэрарыстычная аперацыя,
Да падтрымання парадку залучанае войска.
Паводле непацверджаных звестак, мэтай нападу магла быць сінагога.
Газета Kronen Zeitung паведаміла, што габрэйскія суполкі заклікалі сваіх сяброў не пакідаць дамы і кватэры.
Паліцэйская ўправа Вены просіць жыхароў горада заставацца дома, не карыстацца грамадскім транспартам і не распаўсюджваць відэа з месца падзей.
Канцлер Аўстрыі Себасцьян Курц назваў здарэнне "агідным тэрарыстычным актам" і выказаў спачуванні загінулым, пацярпелым і іх сваякам. "Мы ніколі не дазволім тэрарызму запалохаць сябе і будзем змагацца з такімі нападамі усімі магчымымі сродкамі", - заявіў Курц.
Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон выказаў салідарнасць з жыхарамі Вены. "Мы, французы, падзяляем шок і гора аўстрыйцаў пасля нападу ў Вене. Пасля Францыі напады зазналі прыязная краіна. Гэта наша Еўропа. Нашы ворагі павінны ведаць, з кім маюць справу. Мы не здамося". У Францыі ў апошнія дні адбыліся адразу некалькі нападаў ісламісцкіх радыкалаў.
З асуджэннем атакі ў Вене выступіла кіраўніцтва Еўразвязу.
Як паведаміў партал SITE Intelligence Group, якія сочыць за актыўнасцю тэрарыстычных груповак у інтэрнэце, да нападаў у Вене могуць быць датычныя джыхадзісты. Паводле звестак рэсурсу, яны заявілі, што напады ў Вене сталі "платай за ўдзел Аўстрыі" у якую кааліцыі для барацьбы з тэрарыстычнай групоўкай "Ісламская дзяржава", якую ўзначальвае ЗША.