Андрэй Зубаў: Развязка для Лукашэнкі наступіць вельмі хутка
- 3.11.2020, 18:25
Перамога рэвалюцыі ў Беларусі стане каласальным прэцэдэнтам для ўсяго свету.
Расейскі гісторык Андрэй Зубаў, якога ў 2014 годзе звольнілі з Маскоўскага інстытуту міжнародных дачыненняў за крытыку анэксіі Крыма, уважае беларускую мірную рэвалюцыю за ўнікальную.
Пра гэта навуковец распавёў у інтэрв'ю «Радыё Свабода».
- Я думаю, што трэба стаяць за праўду. Беларускі народ выбраў цяжкі шлях барацьбы фактычна са стогадовым таталітарным мінулым. Быў кароткі перыяд беларускай дэмакратыі - фактычна, з 1992 да 1994 года, яго большасць людзей і не заўважыла, так хутка праляцеў. Не паспелі змяніцца, не сталі новым людзьмі, не паспела сфармавацца новае пакаленне, як Лукашэнка на поўны голас заявіў, што вяртаецца «да ўсяго найлепшага», што было ў Савецкім Саюзе. А ў СССР найлепшым было тое, што нічога агульнага з Савецкім Саюзам не мела - людзі ва ўсе стагоддзі любяць адзін аднаго, пішуць вершы, займаюцца навукай, і ніякага дачынення да рэжыму гэта не мае.
А ўсё, што звязана з рэжымам, было агіднае. І гэта агіднае Лукашэнка вярнуў Беларусі, а ў Расеі гэта вярнуў Пуцін практычна ў тым жа маштабе. Таму вы, дарагія калегі, змагаецеся нават не з лукашэнкаўскім рэжымам, вы змагаецеся са стогадовай бальшавіцкай тыраніяй, са стогадовым злачынствам. Вядома, гэта цяжка. Вядома, гэтая нікчэмная, злачынная сіла робіць усё, каб захаваць сваю ўладу. Але яна нічога не можа зрабіць супраць свабоды і чалавечай волі. І калі вы не зламаецеся, яна зламаецца. Непазбежна. І ўжо ламаецца.
Не як маральны філосаф, а ўжо як палітолаг я назіраю халодным позіркам за тым, што адбываецца кожны дзень у Беларусі. Як пачынаецца міністэрская чахарда - здымаюць Караева, замяняюць іншым, аднаго туды, іншага сюды, то закрываюць, то не закрываюць межы, то пазбаўляюць права карыстацца замежнымі дыпломамі... Гэта ўсё курчы рэжыму, гэта канец. Ён памірае на вачах. Што азначае змена людзей? Знялі старшыню КДБ адразу пасля пачатку пратэстаў. Гэта азначае, што гэтыя людзі не кантралююць свае ведамствы. Гэта значыць, што шмат хто ў міліцыі кажа: мы не будзем. Хадзілі чуткі, што зняты кіраўнік КДБ паведаміў, што многія ветэраны нават гэтай адыёзнай арганізацыі раяць Лукашэнку ўсё ж так груба не змагацца з грамадствам, і ў выніку ён страціў сваю пасаду.
Мы бачым толькі верхавіну. Паслы адмаўляюцца падпарадкоўвацца злачыннаму рэжыму, але я перакананы, што па ўсіх лініях ідзе ўнутраная спроба не запэцкацца, не патануць у крывавай брудзе разам з Лукашэнкам. Чаму гэта адбываецца? Калі б народ маўчаў, то ўсё заставалася б па-ранейшаму. Вы ламаеце рэжым, але вы выбралі самы складаны від рэвалюцыі, які шмат каму здаецца фантастычным. Вы выбралі мірную рэвалюцыю.
- Андрэй Барысавіч, як гісторык скажыце - ці ёсць у яе аналагі ў найноўшай гісторыі? З чым яна змагалася, чаго яна дасягнула, чаго дасягнула беларускае грамадства за такі даволі працяглы час мірнага пратэсту?
- Гэта мірная бітва. Часам кажуць, што гэта падобна да польскай «Салідарнасці» або на аксамітную рэвалюцыю ў Чэхаславакіі. Не падобна. У некаторай ступені, гэта падобна на 1981-82 год «Салідарнасці». У 1988-89 гадах ужо гінуў СССР, і Гарбачоў, вядома, быў не Лукашэнка. Гэта быў чалавек, які цаніў свае пазіцыі ў свеце, свае пазіцыі міратворца, і ён бы ніколі не пайшоў на крывавае здушэнне. Тое, што нават адбылося ў Літве ў 1990 годзе, у маштабах СССР было хутчэй невялікім інцыдэнтам. Так, загінулі некалькі чалавек, але дагэтуль мы не ведаем дакладна, ці сам Гарбачоў аддаваў загад.
Такой сітуацыі, якая цяпер у Беларусі, я не ведаю. Ёсць адзін дрэнны прыклад - Венесуэла, дзе гэта не атрымалася, на жаль. Але не атрымалася таму, што значная частка народа не была разам з апанентамі рэжыму, была падкупленая рэжымам, народ Венесуэлы расколаты, ён не адзіны. Там шмат плямёнаў і этнасаў, кагосьці задавальняе Мадура, кагосьці не.
Асаблівасць Беларусі ў тым, што народ - адзіны, незалежна ад таго, на якой мове гаворыць - расейскай ці беларускай, у людзей самасвядомасць беларускага народа. І ў гэтым сэнсе сітуацыя ў Беларусі абсалютна унікальная. І я бачу, што народ можа перамагчы. Я веру ў перамогу беларускай мірнай рэвалюцыі, і калі яна пераможа, гэта будзе каласальны прэцэдэнт для ўсяго свету.
- Як вы думаеце, як доўга збройная меншасць можа кіраваць мірнай большасцю ў XXI стагоддзі?
- Гэта страшна. Я суперажываю, пакутую кожны дзень, калі бачу вашых збітых, прыніжаных людзей, жанчын, якія ў першыя дні былі апаганеныя гэтымі гнюсамі. Але як палітолаг я гляджу на гэта як на нейкі эксперымент.
Сапраўды, як доўга? Напраўду гэта не гранітны мур, на які налятае чалавечае мора і ляціць. Сілавікі - гэта такія ж людзі. З такімі ж эмоцыямі. Яны маюць сем'і. Іх дзеці ходзяць у школу, і за суседнімі партамі дзеці тых, каго яны збівалі. І праўда за тымі, хто ў мірным пратэсце, і яны ведаюць, што праўды няма ў Лукашэнкі. І абарона Лукашэнкі - гэта ў парушэнне праўды.
Мне здаецца, што паступова ідзе размыванне, разлажэнне чалавечага муру сілавікоў. Яна хутка размываецца, адсюль гэтыя ўсе перастаноўкі. Як доўга гэта будзе працягвацца, я не ведаю. Тыдзень? Месяц? Не ведаю, але, мяркуючы па сутаргавых дзеяннях Лукашэнкі, развязка набліжаецца даволі хутка.