Зяленскі дапусціў роспуск Рады ў выпадку «палітычнага калапсу»
- 3.11.2020, 10:10
Напярэдадні прэзідэнт Украіны ўнёс у парламент законапраект аб змене складу Канстытуцыйнага суда.
Вярхоўная рада можа быць распушчаная, калі ў парламенце ўзнікне рэальны палітычны канфлікт. Пра гэта прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў у эфіры праграмы «Свабода слова» на канале ICTV.
«Калі гэта будзе палітычны калапс і рэальны палітычны канфлікт і я ўбачу, што няма падтрымкі ў Вярхоўнай радзе і перш за ўсё ў «слуг народа», дэпутаты якой патрапілі ў Раду дзякуючы мне і падтрымцы грамадства, ...> калі мы пойдзем насуперак, мы будзем выходзіць з тупіка нават такім шляхам, пра які вы сказалі [шляхам роспуску парламента]», - сказаў ён.
Падчас гэтага ж эфіру Зяленскі заявіў, што для выхаду з «канстытуцыйнага калапсу» суддзі Канстытуцыйнага суда (КС) павінны сысці ў адстаўку.
«Тады ў іх ёсць сумленны і справядлівы шанец стаць суддзём КС абноўленага складу. І гэта будзе справядліва, усё гэта прымуць, грамадства будзе падтрымліваць такую пастанову», - адзначыў прэзідэнт.
У канцы кастрычніка КС скасаваў шэраг пунктаў антыкарупцыйнага заканадаўства, у тым ліку крымінальную адказнасць за недакладнае дэклараванне. Нацыянальнае агенцтва ў пытаннях прадухілення карупцыі (НАПК) закрыла доступ да рэестру электронных дэкларацый і спыніла іх праверку, захоўванне i абнародаванне. Зяленскі заявіў, што сістэма электроннага дэкларавання даходаў працягне працаваць, нягледзячы на пастанову КС. Праз два дні ўрад абавязаў НАПК аднавіць доступ да рэестру.
Пастанова суда выклікала незадаволенасць з боку праваахоўных і кантрольных органаў. 30 кастрычніка ля будынка КС прайшоў мітынг за адстаўку суддзяў. У той жа дзень Зяленскі ўнёс у Раду законапраект, які прапануе прызнаць нікчэмным пастанову КС як прынятую «ва ўмовах рэальнага канфлікту інтарэсаў». Акрамя гэтага, дакумент прадугледжвае звальненне ўсіх суддзяў і прызначэнне новых, чаго не прадугледжвае дзейная Канстытуцыя Украіны.
У КС заявілі, што законапраект мае «прыкметы канстытуцыйнага перавароту». «Чаму проста указам не распусціць суд? Калектыўную адказнасць ніхто несці не павінен», - заявіў старшыня суда Аляксандр Тупіцкі.
30 кастрычніка супраць яго завялі крымінальную справу. У 2018 годзе Тупіцкі купіў у Крыме зямельны надзел, аформіўшы дамову куплі-продажу паводле расейскага заканадаўства, і не задэклараваў яго, паведаміла Дзяржаўнае бюро расследаванняў Украіны. Сам суддзя заявіў, што ў яго не было намеру хаваць гэтыя звесткі.