Чэмпіён СССР у гандболе: На тэлевізіі паказваюць непрыхаваную хлусню
- 3.11.2020, 14:23
Уладзімір Міхута падзяліўся меркаваннем аб сітуацыі ў краіне.
Трохразовы чэмпіён СССР, адзін з найлепшых бамбардзіраў паўсярэдні менскага СКА Уладзімір Міхута, у інтэрв'ю Tribuna.com каментуючы тое, што адбываецца ў краіне пасля выбараў прэзідэнта, падзяліўся меркаваннем аб сітуацыі ў гандболе, калі каманду «Віцязь» знялі з чэмпіянату за адмову выходзіць на матч на знак салідарнасці з арыштаванай баскетбалісткай Аленай Леўчанкай.
- Як звярнуць увагу нашага ўраду да праблем, да таго, што пакутуюць людзі? Як? Падарваць сябе на плошчы або падпаліць? Так нічога не зменіцца. Вайна нікому не патрэбная, прынамсі простым людзям. Таму не разумею, навошта яна ўладам, навошта яны робяць так, што беларус б'ецца з беларусам. Нашы ўзброеныя сілы павінны абараняць краіну ад вонкавага ворага, а яны замест гэтага шукаюць ворагаў унутры уласнага народа, збіваюць людзей.
Пры гэтым сюды едуць расейскія журналісты, здымаюць так, што за мяжой людзі глядзяць і не разумеюць, чаму беларускі народ не можа супакоіцца. Мне з Нарвэгіі сябры тэлефануюць і пытаюцца, чаго ж беларусам не стае. Я ім адказваю: «А вы тут жылі? Прыехалі б, пажылі і ўсё б зразумелі. А тое, што кажуць на тэлевізіі, гэтая адкрытая хлусня». Не ведаю, што рабіць, калі за мяжу ідзе хлусня. Тут мы бачым, што адбываецца напраўду. Генацыд. Я ўпэўнены, што Лукашэнку трэба выйсці, выбачыцца перад народам і спакойна з'ехаць куды-небудзь. І так павінна паступіць уся ўлада.
- Вы верыце, што такое магчыма?
- Ох, не ведаю. То ён кажа, што не трымаецца за ўладу, то паўтарае, што яе нікому не аддасць. Не разумею, чаму ён так робіць. Мне здаецца, што Лукашэнку дзесьці хтосьці з боку трымае і кажа яму, як паступаць, а Лукашэнку проста няма куды адступаць. Ён быў выгадны камусьці 26 гадоў, таму яго трымаюць. Каму? А хто даў Беларусі паўтара мільярды? Вось і думайце, - сказаў Міхута.