BE RU EN

Расейскім нафтавікам загадалі рыхтавацца да новых абмежаванняў на здабычу «чорнага золата»

  • 3.11.2020, 12:07

Мінэнэрга РФ устурбаванае падзеннем кошту вуглевадародаў.

Другая хваля пандэміі, якая выклікала локдаўны ў найбуйнейшых эканоміках Еўропы і падзенне кошту нафты на 10% за тыдзень, прымусіла турбавацца расейскія ўлады, піша finanz.ru.

У панядзелак Мінэнэрга РФ правяло нараду з прадстаўнікамі найбуйнейшых нафтавых кампаній, на якой абмяркоўваліся далейшыя дзеянні ў рамках угоды OPEC+, складзенай у красавіку для выратавання рынка «чорнага золата».

Як паведамілі Bloomberg тры крыніцы, знаёмыя з вынікамі сустрэчы, нафтавікі і міністр энэргетыкі Аляксандр Новак абмяркоўвалі магчымасць змены фармату ўгоды і адмовы ад планаў павялічыць здабычу са студзеня 2021 года.

Першапачатковы сцэнар пагаднення прадугледжвае змякчэнне квот з бягучых 7,7 млн да 5,8 млн барэляў за дзень, але пагаршэнне сітуацыі з каранавірусам ставіць пад пытанне перспектывы попыту на паліва.

Са слоў крыніц Bloomberg, разглядаецца сцэнар падаўжэння дамовы ў цяперашнім выглядзе яшчэ на тры месяцы - да канца сакавіка 2021 года. Акрамя таго, абмяркоўваўся варыянт далейшага скарачэння нафтаздабычы.

Тую ж інфармацыю пацвердзіла Reuters крыніца, знаёмы з сітуацыяй. Паводле яе слоў, нафтавыя кампаніі гатовы адмовіцца ад нарошчвання здабычы, але выступаюць супраць новага зніжэння.

Зрэшты, пастанова, як і раней, прымаецца найвышэйшым кіраўніцтвам краіны. Прэзідэнт Уладзімір Пуцін 23 кастрычніка заявіў, што Расея гатовая дадаткова скараціць здабычу нафты, калі спатрэбіцца.

«Мы не выключаем, што мы можам захаваць дзейныя абмежаванні на здабычу, не здымаць іх так хутка, як мы прадугледжвалі гэта рабіць раней. А калі спатрэбіцца, можа быць, прымем і іншыя пастановы па далейшым скарачэнні», - казаў Пуцін на пасяджэнні дыскусійнага клуба «Валдай».

Супраць павелічэння здабычы выступае таксама Савудаўская Арабія, паведамілі крыніцы WSJ у Рыядзе. Афіцыйная пастанова пра будучыню ўгоды можа быць прынятая на міністэрскай сустрэчы OPEC+ 16-17 лістапада.

Кастрычніцкія перамовы скончыліся без канкрэтных пастаноў, але міністры разгледзелі «крызісны сцэнар» з новай хваляй падзення попыту. У выпадку захавання пандэміі ў Еўропе да вясны OPEC+ прагназуе, што сусветны рынак зноў сутыкнецца з лішкам 2 супэртанкераў на дзень (4 млн барэляў за дзень).

«Першыя прыкметы аднаўлення сусветнай эканомікі былі нівеляваныя ўзрослай колькасцю захворванняў на каранавірус у краінах - спажыўцах нафты. Да зімы некаторыя рэгіёны свету могуць быць зноў закрытыя на карантынн поўнасцю або часткова, што падстаўляе попыт на нафту пад рызыку», - цытаваў ТАСС непублічную справаздачу OPEC+.

Апошнія навіны