79 выкладчыкаў МДЛУ заступіліся за студэнтаў
- 3.11.2020, 17:25
Таксама яны заклікалі не пераследаваць выкладчыкаў паводле палітычных матываў.
Ужо 79 выкладчыкаў Менскага лінгвістычнага ўніверсітэта падпісаліся пад адкрытым лістом да рэктаркі ВНУ Наталлі Лапцевай з просьбай аднавіць адлічаных студэнтаў (іх 14 і адна магістрантка), а таксама вярнуць на працу звольненых калегаў - Наталлю Дуліну, Ганну Аблову і Ксенію Каткову. Сканы арыгіналаў звароту і подпісаў ёсць у рэдакцыі, піша tut.by.
Выкладчыкі МДЛУ прызвалі ў сваім лісце спыніць звальненні супрацоўнікаў і адлічэнні студэнтаў універсітэта, спыніць усялякі ціск на прафесарска-выкладчыцкі склад і студэнтаў, а таксама перастаць перашкаджаць у правядзенні мірных сходаў. Гэтае права, заўважана ў лісце, гарантуецца арт.35 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Акрамя гэтага, падпісанты запатрабавалі аднавіць на пасадзе дацэнта кафедры італійскай мовы Наталлю Дуліну, выкладчыцу кафедры тэорыі і практыкі ангельскай мовы Ганну Аблову і выкладчыцу кафедры тэорыі і практыкі перакладу №2 Ксенію Каткову, а таксама «старанна разабрацца ў наяўнасці аб'ектыўных прычын для звальнення гэтых выкладчыц».
У калектыўным звароце адзначана таксама, што адлічаныя студэнты і магістрантка зарэкамендавалі сябе як добрасумленныя і дысцыплінаваныя студэнты. З вучэбным планам спраўляліся, сярэдні бал акадэмічнай паспяховасці вышэйшы за сярэдні, запазычанасці ў дысцыплінах не мелі, цяжкасцяў з вучобай не адчувалі.
Пад зваротам свае подпісы паставілі ў ліку іншых прафесары кафедры замежнай літаратуры Марына Рагачоўская і Вольга Судлянкова, загадчык кафедры замежнай літаратуры Юрый Стулаў, загадчык кафедры гісторыі, сусветнай культуры і турызму Сяргей Новікаў (чалец рады МДЛУ), кандыдат філалагічных навук і дацэнт кафедры лексікалогіі ангельскай мовы Міхаіл Драздоў, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры агульнага мовазнаўства Вольга Гарыцкая і іншыя.
Выкладчыкі ўжо аддалі існыя подпісы і ліст у канцылярыю рэктаркі.
- Рэгістраваць іх не сталі: маўляў, гэта ўнутраны дакумент, з імі так рабіць нельга. На просьбу паставіць на нашым экзэмпляры хаця б адзнаку аб прыёме, сказалі проста напісаць дату і час, - паведаміла Дар'я Карповіч, выкладчыца кафедры другой замежнай мовы.
Далей у планах выкладчыкаў - давесці колькасць подпісаў да 200, а таксама падаць такі ж зварот у Міністэрства адукацыі.