Барыс Хамайда да Уладзіміра Плешчанкі: Нарэшце ўсё пачалося!
- 3.11.2020, 18:01
У Вiцебску ўшанавалi памяць мясцовага апазiцыянера.
Найстарэйшы віцебскі апазіцыянер Барыс Хамайда ў першыя лістападаўскія памінальныя дні абавязкова адведвае магілу свайго сябра Уладзіміра Плешчанкі, паведамляе «Радыё Рацыя».
Некалькі дзясяткаў год яны разам выходзілі да так званага «сіняга дома» ў цэнтры Віцебска, каб ладзіць пікеты ці раздаваць улёткі, ці проста размаўляць з гараджанамі – да самай смерці спадара Плешчанкі ў 2006-м годзе.
З тае пары Барыс Хамайда выходзіць да «сіняга дома» адзін і робіць усё тое, што яны калісьці рабілі ўдвух… Да месца апошняга спачыну сябра на Фальковіцкіх могілках спадар Хамайда прыйшоў, каб сказаць галоўнае:
– Падымаўся на гару тут перад могілкамі, і думаў, якое б такое слова сябру сказаць, каб было адразу ўсё зразумела. Вось падышоў у сказаў: «Сябра, пачалося! Мы столькі гадоў чакалі, кідалі гэтае зерне ў глебу, і нарэшце яно дала плён. Пачалося!»
Сваю вандроўку Барыс Хамайда спланаваў асобна, але каля магілы Уладзіміра Плешчанкі яго сустрэлі і іншыя людзі, якія прыйшлі аддаць даніну памяці вядомаму віцебскаму апазіцыянеру.
Пра двух сяброў, якія захоўвалі беларускі дух і прагу да свабоды ў Віцебску, распавяла Ірына Аляксандрава:
– Гэта былі сімвалы, нашы героі. І сучасныя падзеі – гэта іхні вялікі ўнёсак. Дзякуючы таму, што яны рабілі, мы сёння адчуваем абуджэнне нашага народу. І гэтая прага да свабоды, барацьба, якая зараз ідзе, – гэта ўсё дзякуючы гэтым людзям!
Дарэчы, грошы на помнік, які цяпер стаіць на магіле Уладзіміра Плешчанкі, у 2006-м годзе, пастаўлены на ахвяраванні аднапартыйцаў, беларусаў замежжа і землякоў-віцяблянаў. Пліту, на якой напісана «Не для сябе, а для Радзімы», аднадумцы на некалькі хвілінаў накрылі бел-чырвона-белым сцягам.