Біскуп Юрый Касабуцкі жорстка адказаў Лукашэнку
- 4.11.2020, 9:27
Каталіцкі касцёл выступае супраць гвалту і моліцца за палітвязняў.
Генеральны вікарый Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі пракаментаваў у «Фэйсбуку» апошнія заявы Аляксандра Лукашэнкі наконт стаўлення беларускай улады да каталіцкай царквы.
Біскуп Касабуцкі адрэагаваў на выказванні Лукашэнкі падчас ягонай сустрэчы з мітрапалітам Менскім і Заслаўскім Веніямінам.
«Каментаваць нешта пра словы абразы і паклёпу на адрас паважанага мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча не мае сэнсу, бо на гэтую тэму я неаднаразова выказваўся публічна і афіцыйна. Гэтая фальшыўка абсалютна нічым не абгрунтаваная хлусня, якая не вытрымала ніякай крытыкі. Гэта палітычная гульня і не больш.
Каталіцкі касцёл сёння выступае супраць гвалту, здзекаў і катаванняў людзей, асаблівым чынам моліцца за палітвязняў, выступае супраць рэпрэсій і пераследу, супраць парушэння правоў чалавека, знявагі чалавечай годнасці, супраць звальнення з працы ці адлічэння з навучальнай установы за погляды, нязгодныя з афіцыйнай ідэалогіяй. Касцёл заклікае да еднасці, салідарнасці, падтрымкі адзін аднаго, быцця адзіным народам, нацыяй. Касцёл моліцца за тых, хто дае і выконвае злачынныя загады супраць народа... А ўсё гэта ў нашай краіне сёння лічыцца чымсьці дрэнным.
Таму трэба было плюнуць у каталіцкі касцёл і абліць яго брудам. Запалохаць, анансаваць чарговы крок пераследу (тэма замежных святароў). У сувязі з гэтым мы і пачулі тое, што пачулі. Хачу заўважыць, што гэтыя «ідэолагі» і «паліттэхнолагі» папрацавалі вельмі слаба...», - напісаў біскуп Юрый Касабуцкі.