BE RU EN

Спадарыня-аграном на ферме адная абвясціла страйк

  • 4.11.2020, 10:26

Шакавальная гісторыя пра мужнасць 20-гадовай беларускі.

20-гадовая Яўгенія працавала аграномкай у насенняводстве ў ААТ «Жгунскае» (малочна-таварная ферма) у Добрушскім раёне. Пасля гвалту з боку сілавікоў у першыя паслявыбарныя дні яна прапусціла некалькі працоўных дзён на знак пратэсту, потым вярнулася на працу, але 26 кастрычніка, у дзень агульнанацыянальнага страйку, не з'явілася на працоўным месцы таксама. 30 кастрычніка Яўгенію звольнілі паводле артыкула. Дзяўчына паспела адпрацаваць паводле размеркавання каля шасці месяцаў, а павінна была тры гады. Таму цяпер на працягу 6 месяцаў ёй давядзецца выплаціць 3 600 рублёў, паведамляе выданне «Сильные новости».

Яўгенія жыве ў Добрушы, але прапісаная ў Жлобіне, 9 жнiўня ездзіла туды галасаваць. Пасля абвяшчэння папярэдніх вынікаў, успамінае, людзі выйшлі на вуліцы райцэнтра.

- Было як усюды: людзі, АМАП. 10 трэба было на працу, але праз тое, што інтэрнэту не было, здавалася, што ніхто наогул нікуды не пойдзе - такое здарылася, якая праца?! І я не паехала. На наступны дзень мы змаглі зайсці ў інтэрнэт, і, калі ўбачыла, што рабілася ў Менску, я сказала, што не выйду пасля ўсяго гэтага на дзяржаўнае прадпрыемства.

Аграном на працы не з'яўлялася да 12 жніўня. Пасля, распавядае, яе прымусілі прыехаць і за прапушчаныя дні аштрафавалі. Не абышлося і без гутарак з мясцовым ідэолагам.

- У мяне была ў інстаграме фатаграфія з мітынгу ў Гомелі, хтосьці з працы яе ўбачыў. І пачалося: «Лепш мужа шукай, дзяцей нараджай, куды ты наогул ходзіш? Табе гэта не трэба, цябе пасадзяць. Нічога не зменіцца». Прымушалі ехаць на мітынг за мірную Беларусь - я крык там падняла. Далі падпісаць нейкі дакумент (сказалі, што з райвыканкама прыйшоў, але я вельмі сумняваюся), там было ўказана, што я адсутнічала з палітычных матываў, выкладваю фатаграфіі, удзельнічаю ў акцыях. Я напісала, што азнаёмленая, але не згодная.

Дзяўчына працягвала працаваць, але 26 кастрычніка Яўгенія на месцы зноў не з’явілася - падтрымала агульнанацыянальны страйк. Пра наступствы Яўгенія ведала, але думала, што праз адпрацоўку не звольняць.

- Мне патэлефанавалі [з працы], я сказала так: пакуль над галовамі маіх сяброў у Менску не перастануць лётаць гранаты, на працу я не выйду. У пятніцу мне яшчэ раз патэлефанавалі, каб прыязджала па працоўную кніжку, - распавядае дзяўчына. - Я разумела, што працую дзесьці ў маленькай вёсцы, далёка, аграномам - не на заводзе. Я не выйшла на працу, калі ўбачыла кадры з мітынгаў 25 кастрычніка. І магчыма, якія-небудзь работнікі заводаў, ад якіх сапраўды нешта залежыць, убачаць, што маленькая дзяўчынка з адпрацоўкай не пабаялася. Можа, гэта камусьці дапаможа.

Апошнія навіны