Кіраўнік фінскай федэрацыі: Не веру, што ЧС у хакеі можна праводзіць у Менску
- 4.11.2020, 11:50
Хары Нумела спадзяецца на перамогу дэмакратыі ў Беларусі.
Прэзідэнт Фінскай федэрацыі хакея Хары Нумела заявіў, што чэмпіянат свету ў хакеі-2021 будзе складана правесці ў Беларусі.
- Мы, вядома, працягваем сачыць за сітуацыяй у краіне. Пакуль яна вельмі трывожная. Зрэшты, да турніру яшчэ шмат часу. Вядома, мы спадзяёмся, што ўсё супакоіцца, а развіццё дэмакратыі пераможа. Але сітуацыя пагаршаецца, і зараз мы не верым у магчымасць правядзення матчаў у Беларусі. Таксама не варта забываць і пра развіццё пандэміі, - падае словы Нумелы Yle.fih.
Ён дадаў, што пастанова будзе прымацца на пасяджэнні ІІХФ, але краіны таксама абмяркоўваюць чэмпіянат паміж сабой.
- Так, дыскусіі ідуць, асабліва сярод паўночных краін, але цяпер важна пачуць меркаванне міжнароднай федэрацыі на гэты конт, - адзначыў Нумела.
Нагадаем, што чэмпіянат свету павінен прайсці ў 2021 годзе ў Рызе і Менску. Пры гэтым прэм'ер-міністр Латвіі Крыш'яніс Карыньш папрасіў Міжнародную федэрацыю хакея (ІІХФ) перанесці турнір з Менска.