Маёр МУС: У камандзіраў вычэрпваецца жаданне рабіць брудную працу
- 4.11.2020, 12:21
Насіць пагоны за гэтай уладай становіцца непапулярна.
Юрый - жыхар невялікага мястэчка на Берасцейшчыне, больш за 18 гадоў праслужыў ва ўнутраных войсках. Надоечы звольніўся з органаў.
- Насіць пагоны становіцца зараз непапулярна, - распавядае суразмоўца «Салiдарнасцi».
- Юры, а вы можаце пералічыць тыя падраздзяленні, якія непасрэдна ўдзельнічаюць у разгоне акцый пратэсту?
- Так, у асноўным, гэта АМАП, унутраныя войскі МУС. На дапамогу ім перыядычна, як правіла, у Менску, прыходзяць супрацоўнікі спецпадраздзялення КДБ «Альфа», антытэрарыстычнага падраздзялення «Алмаз». Хоць часам да разгону дэманстрацый прыцягваюць супрацоўнікаў дэпартамента выканання пакаранняў МУС, следчых і ўчастковых.
- Усе яны, сапраўды думаюць, што ўдзельнікі мітынгаў - гэта «праплачаныя найміты, бандыты, наркаманы»?
- Не, хутчэй, ужо не ўсе так думаюць. Многія ўвогуле не задумваюцца. Але тут трэба разумець адну рэч: над светапоглядам вайскоўца працуе аддзел ідэалогіі, які ёсць у кожным падраздзяленні кожнай установы.
Плюс дзяржаўная прапаганда. Плюс - закрытасць супольнасці: байцы ў асноўным камунікуюць паміж сабой. Але галоўнае - нават не гэта. Галоўнае матэрыяльны бонус. Хлопцы вельмі баяцца быць звольненымі. Таму што нічога, акрамя як махаць палкай, многія з іх не ўмеюць.
Разумееце, 80, нават 90 адсоткаў гэтых людзей так створаныя. І сістэма гэта ведае. Велізарны страх апынуцца па-за сістэмай штурхае іх на тое, каб выканаць абсалютна кожны загад.
- А што такога дае сістэма супрацоўніку кожнага з сілавых ведамстваў, што так вялікі страх гэта ўсё страціць? Велізарныя заробкі? Нейкія выгоды?
- Ну, мяркуйце самі. Сярэдні заробак шараговага байца АМАП ды іншых падраздзяленняў МУС - 600-700 даляраў. У сярэдняга афіцэрскага складу - блізу 1000 даляраў. Для параўнання: сярэдні заробак «у цывільнага» - блізу 350 даляраў. Акрамя таго, сілавікам фактычна гарантуецца развязанне жыллёвага пытання. Прычым, там, дзе яны служаць.
Кожны малады супрацоўнік, які прыходзіць нават на шараговую пасаду, адразу ж забяспечваецца службовым жытлом. Няхай яно ва ўласнасці дзяржавы, але ў чалавека ўжо галава не баліць, дзе яму жыць.
Акрамя таго, сілавікам даецца льготны крэдыт на будаўніцтва жылля - пад 5% гадавых на 20 гадоў. Калі жыллё набываецца ў сельскай мясцовасці (якая пачынаецца ўжо за 5 кіламетраў ад Менска) - крэдыт выдаецца пад 3% гадавых на 40 гадоў.
- Але вы, тым не менш, надумалі сысці.
- Так, я зняў з сябе пагоны маёра міліцыі, якія насіў апошнія гады. І я пра гэта не шкадую. У 2002-м 18-гадовым хлапчуком прыйшоў у акадэмію МУС з выразнай думкай, што абраў прафесію, якая будзе прыносіць карысць людзям. Але сёння ў няпросты час я адчуваю, што гэта, на жаль, не так.
- Вы верыце, што ўлада неўзабаве зменіцца?
- Так, мне здаецца, гэта адбудзецца з адной простай прычыны: ва ўлады скончацца бонусы, а ў нашых камандзіраў вычарпаецца жаданне рабіць брудную працу.