BE RU EN

Вынікі выбараў у ЗША заспелі інвестараў знянацку

  • 4.11.2020, 14:10

Фондавыя рынкі рыхтаваліся да іншых вынікаў выбараў.

Перад выбарамі ў ЗША інвестары рыхтаваліся да таго, што Джо Байдэн упэўнена пераможа на прэзідэнцкіх выбарах і абедзве палаты Кангрэса ЗША апынуцца пад кантролем Дэмакратычнай партыі. Цяпер яны прагназуюць доўгі перыяд нявызначанасці і не выключаюць карэкцыю на фондавым рынку, піша «Новы час».

Як адзначае газета Financial Times, у апошнія дні інвестары павялічылі стаўкі на тое, што ўпэўненая перамога дэмакратаў, якую прагназавалі апытанні перад галасаваннем, прывядзе да вылучэння новага пакета стымулаў для эканомікі ЗША, якая пацярпела ад пандэміі.

Хоць Байдэн усё яшчэ можа перамагчы ў гэтай напружанай гонцы, перамога Трампа ў штатах Флорыда і Агаё падарвала стаўку інвестараў на вялікую перамогу дэмакратаў. Цяпер інвестары рыхтуюцца да таго, што вынік выбараў стане вядомым толькі праз некалькі дзён, а Рэспубліканская і Дэмакратычная партыі будуць кантраляваць кожная адну палату Кангрэсу.

«Рынку не падабаецца доўгая нявызначанасць і няведанне вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, а таксама тое, што гэты працэс можа задоўжыцца на некалькі дзён, а гэта выглядае верагодным», – сказаў у каментары Reuters Джэймс Эці, дырэктар у інвестыцыях у Aberdeen Standard Investments.

«Падобна на тое, што хто б ні перамог у Белым доме, нас чакае падзелены Кангрэс. Гэта будзе мець далёкія наступствы для рынкаў у асноўным таму, што будзе складана прыняць які б там ні было пакет захадаў для аднаўлення пасля пандэміі», – заявіў агенцтву Стэфан Манье, галоўны інвестыцыйны дырэктар Lombard Odier.

Сіма Шах, галоўны стратэг лонданскай кампаніі Principal Global Investors адзначыў, што на рынках імаверныя ваганні, паколькі інвестары прадумваюць наступствы выбараў.

Больш за ўсё інвестары баяцца сцэнара, пры якім вынікі выбараў будуць аспрэчвацца і прывядуць да сур'ёзных палітычных хваляванняў, адзначыў Франсуа Савары, галоўны інвестыцыйны дырэктар швэйцарскай кампаніі Prime Partners.

У ноч пасля выбараў на рынках пачалася моцная валатыльнасць. Ваганні катыровак ф'ючэрсаў прадоўжыліся раніцай. Сярод іншага, ф'ючэрсы на фондавыя індэксы Dow Jones Industrial Average і Standard & Poor's 500 рэзка знізіліся пасля заявы Трампа, які назваў «махлярствам» падлік галасоў і абвесціў пра намер звярнуцца ў Вярхоўны суд.

Аўтары Lex, папулярнай фінансавай калонкі Financial Times, пішуць, што карэкцыя на фондавым рынку становіцца ўсё больш верагоднай.

У цяперашні час у ЗША прадаўжаецца актыўны падлік галасоў, які гэтым разам можа заняць больш часу, чым у мінулыя гады, праз вялікую колькасць адпраўленых праз пошту бюлетэняў. Паводле апошніх звестак, Трамп быў лідарам у большасці штатаў, але ў Байдэна больш галасоў выбарнікаў.

Апошнія навіны