Беларускі дзюдаіст на знак пратэсту сышоў з нацыянальнай каманды
- 4.11.2020, 15:37
Таксама ён пакінуў службу ў памежкамітэце.
Дзюдаіст Дзмітрый Шэршань, які падпісаў адкрыты ліст спартыўнай грамадскасці, распавёў, што сышоў і з нацыянальнай каманды, і са службы ў памежкамітэце, піша «Трибуна».
«Выбар быў такі: ці ісці служыць або сыходзіць. Я пайшоў. Паводле папераў я больш не спартовец. На гэты момант у Міністэрстве спорту сядзяць людзі, якія не маюць да спорту ніякага дачынення. Вынік для іх не галоўнае, яны там для таго, каб навесці «парадак». Чыя пазіцыя ідзе насуперак з дзяржаўнай ідэалогіяй, тыя становяцца непажаданымі.
У першую чаргу я чалавек, грамадзянін. А потым ужо спартовец.
Такі светапогляд, што мы - спартоўцы, лекары, шахцёры - павінны быць па-за палітыкай, нам прышчапляюць з савецкіх часоў. Гэтага не павінна быць. Мы людзі, грамадзяне. Мы павінны вызначаць - што павінна быць, а што не. Гэта наша права, замацаванае ў Канстытуцыі. Улада - гэта народ, а не адзін-два чалавекі. У гэты момант фармуецца па-сапраўднаму грамадзянская супольнасць, і гэта галоўнае наша дасягненне.
Буду трэніравацца, спрабаваць адбірацца з дапамогай фонду спартыўнай салідарнасці і зраблю ўсё магчымае, каб патрапіць на Алімпійскія гульні. Меркаванне маё не памянялася, я да канца з усімі намі, - сказаў Шэршань.