BE RU EN

Міхаіл Пастухоў: 7 лістапада прэзідэнцкія паўнамоцтвы павінны перайсці прэм'еру Галоўчанку

  • 4.11.2020, 20:12

Паўнамоцтвы Лукашэнкі заканчваюцца 6 лістапада.

6 лістапада Лукашэнка страчвае прэзідэнцкія паўнамоцтвы. Выбары не прызнаныя Еўропай і абсалютнай большасцю беларусаў, паведамляе «Радыё Рацыя».

Далейшае ўтрыманне Лукашэнкам улады будзе злачынным, уважае Міхаіл Пастухоў, доктар юрыдычных навук, заслужаны юрыст Рэспублікі Беларусь, былы суддзя Канстытуцыйнага суда:

- Што павінна быць далей згодна з Канстытуцыяй Беларусі?

- Улічваючы, што большасць еўрапейскіх краін прызнала, што выбары сфальсіфікаваныя і не адбыліся. Большасць беларускіх выбарцаў таксама не вераць у вынікі гэтых выбараў. Такім чынам, фармальна па Канстытуцыі, якая дзейнічае цяпер, устаноўлена, што калі тэрмін паўнамоцтваў прэзідэнта мінае, або з шэрагу прычын з'яўляецца вакансія для прэзідэнта, або калі прэзідэнт не можа выконваць свае абавязкі, то паўнамоцтвы прэзідэнта пераходзяць да прэм'ер-міністра. У гэтым выпадку 7 лістапада паўнамоцтвы павінны быць перададзены прэм'ер-міністру Рэспублікі Беларусь Раману Галоўчанку. Для гэтага ён павінен прыняць пасаду. Калі ён прыме гэтыя паўнамоцтвы прэзідэнта, то фактычна можна сказаць, што ўлада Лукашэнкі скончылася. Калі ён будзе пры ўладзе, то гэта будзе іншая ацэнка. Можна казаць пра склад злачынства - незаконнае ўтрыманне ўлады.

- Ён, вядома ж, да здаровага сэнсу не вернецца.

- Калі лічыць гэта злачынствам, тады павінны быць адпаведныя органы, якія будуць прымаць рашэнне з гэтай нагоды. Яны павінны распачаць справу, гэта можа зрабіць пракуратура ці Следчы камітэт, якія фармуюцца дзейным прэзідэнтам. Гэты варыянт таксама не праглядаецца. Гэта значыць, атрымліваецца, што ўлада і надалей будзе ўтрымлівацца нелегальна, калі ўважаць, што выбары несапраўдныя.

- Што тады будзе далей?

- Практыка паказвае, што ў гэтым выпадку неабходна фармаваць прадстаўнічы орган народа. Так з'яўляліся новыя парламенты і новая дзяржаўнасць, напрыклад, у Францыі і іншых краінах. Калі збіралі законны прадстаўнічы сход. Гэта значыць, у гэтым выпадку, згодна з артыкулам 3 Канстытуцыі, крыніцай дзяржаўнай улады з'яўляецца народ. Ён можа ажыццяўляць сваю ўладу як непасрэдна сам, так і давяраць сваім прадстаўнікам. То бок, людзі могуць сабрацца на свой сход, кангрэс ці нешта яшчэ, у нейкай дзяржаўнай установе, каб паказаць, што народ з'яўляецца ўладай. У яго павінна быць сапраўдная ўлада, а не толькі тое, як мы сабраліся вакол стэлы і разышліся. Прадстаўнікі народа павінны зразумець, што зараз яны ва ўладзе. Яны павінны ўзяць на сябе часовае кіраванне справамі, сфармаваць нейкія часовыя органы ўлады, вызначыць, па якой Канстытуцыі яны будуць жыць, і абавязкова прызначыць выбары.

Апошнія навіны