Лукашэнка: Гарэлкай трэба труціць гэты вірус
- 17.03.2020, 8:16
Дыктатар трызніць замест прыняцця захадаў супраць эпідэміі.
Падчас кадравых прызначэнняў 16 сакавiка Аляксандр Лукашэнка надумаў падзяліцца з чыноўнікамі «рэцэптамі» ад пандэміі каранавіруса.
Дыктатар параіў падначаленым для барацьбы з захворваннем выкарыстоўваць алкаголь і саўну.
«Часцей мыйце рукі, своечасова снедайце, абедайце і вячэрайце. Я чалавек непітушчы, але апошнім часам жартам кажу, што гарэлкай трэба не толькі рукі мыць, але і, напэўна, на дзень 40-50 грамамі ў пераліку на чысты спірт, труціць гэты вірус. Але не на працы.
Я зычу вам поспехаў, здароўя, не хварэйце. Сёння схадзіце ў саўну сухую. Калі два-тры разы на тыдзень - таксама карысна. Кітайцы нам падказалі, што гэты вірус пры + 60°С не вытрымлівае», - падае тэлеканал СТВ «рэцэпты» ад Лукашэнкі.
Нагадаем, у Беларусі не робяцца ніякія захады карантыннага характару. Беларускія ўлады датэрмінова спынілі карантын у БНТУ, дзе былі выяўленыя выпадкі захворвання каранавірусам, а міністр аховы здароўя Беларусі Уладзімір Каранік заявіў, што яго міністэрства «ацэньвае рызыку развіцця цяжкіх формаў хваробы як не вельмі высокую». Таксама кіраўнік Міністэрства аховы здароўя заявіў аб «асаблівых перавагах Беларусі ў барацьбе з каранавірусам».
У гэты ж час краіны-суседкі Беларусі ўвялі беспрэцэдэнтныя захады ў барацьбе з каранавірусам. Краіны-суседкі Беларусі закрылі межы для замежнікаў. Нават РФ закрывае мяжу з нашай краінай.