BE RU EN

Транзіт беларусаў праз Маскву для вяртання на радзіму дазволілі ў межах аднаго аэрапорта

  • 18.03.2020, 10:24

Амбасада Беларусі ў РФ расказала, як гэта будзе адбывацца.

У пасольстве Беларусі ў Расеі распавялі, як беларусы змогуць вярнуцца дадому праз Маскву паветраным шляхам. Тлумачэнні былі апублікаваныя ў тэлеграм-канале дыпмісіі.

З 18 сакавіка можна транзітна вярнуцца з-за мяжы ў Беларусь праз Маскву. Механізм такі: грамадзянін Беларусі прылятае ў аэрапорт Дамадзедава, з яго ж і ляціць у Менск, не пакідаючы транзітнай зоны. Калі беларус прылятае ў Шарамеццева, то адтуль і ляціць - зноў жа, не пакідаючы транзітнай зоны.

«Абавязкова трэба мець білет, які пацвярджае факт транзіту», - адзначылі ў пасольстве.

На сёння вярнуцца ў Менск з Масквы паветраным шляхам можна толькі праз два аэрапорты. З Дамадзедава ў Менск лётае авіякампанія «Белавія». З Шарамеццева - «Белавія» і расейская авіякампаніяй «Аэрафлот».

Раней з аэрапорта Унукава ў Беларусь лётала авіякампанія Utair, але перавозчык прыпыніў палёты да 30 красавіка. У «Жукоўскі» палёты выконвала кампанія «Белавія», але напярэдадні яна паведамілі аб спыненні рэйсаў у гэты аэрапорт да 1 траўня.

Нагадаем, Расея закрыла межы ў Беларуссю да 1 траўня. Выехаць з Расеі беларусы змогуць, але ўезд у Расею дазволены толькі дыпламатам, дальнабойнікам, уладальнікам віз, выдадзеных у сувязі са смерцю блізкага сваяка, а таксама асобам, якія едуць транзітам праз паветраныя пункты пропуску.

Апошнія навіны