Экс-дарадца Пуціна: Беларусь у небяспецы
- 18.03.2020, 10:57
Планаваныя змены ў Канстытуцыю РФ нясуць небяспеку для краін-суседзяў.
«І Беларусь, і Украіна знаходзяцца ў небяспецы» у сувязі з жаданнем Уладзіміра Пуціна бачыць заходнія межы «гістарычнай Расеі» там, дзе праходзіла мяжа Расейскай імперыі ў канцы 18-га стагоддзя, пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай - «па рацэ Нёман, Заходні Буг і далей па Днястру».
Такое меркаванне выказаў эканамічны дарадца расейскага прэзідэнта (2000-2005 гады) Андрэй Іларыёнаў у інтэрв'ю вядомаму ўкраінскаму журналісту Дзмітрыю Гордану, піша сайт naviny.by.
«І, уласна кажучы, шмат што з таго, што ён сказаў і зрабіў пасля таго, як ён напісаў у сваім артыкуле 2012 года, толькі пацвярджае, што ён ад гэтай мэты не толькі не адмовіўся, але і, наадварот, бачыць у цяперашняй сітуацыі, якая разгортваецца і ў Беларусі, і ва Украіне, значна больш спрыяльную сітуацыю для ажыццяўлення гэтага праекта», - мяркуе Іларыёнаў.
У артыкуле «Расея і зменлівы свет», апублікаваным восем гадоў таму 2012 года ў газеце «Маскоўскія навіны», Пуцін як кандыдат у прэзідэнты на выбарах-2012, у напісаў: «Мы павінны ў некалькі разоў узмацніць адукацыйную і культурную прысутнасць у свеце - і на парадак павялічыць яе ў краінах, дзе частка насельніцтва гаворыць на расейскай мове або разумее расейскую». Пры гэтым «расейскамоўная прастора - гэта практычна ўсе краіны былога СССР і значная частка Усходняй Еўропы».
На думку Іларыёнава, супрацьстаянне Пуціна, які заняўся ў сябе ў краіне канстытуцыйнай рэформай, і Лукашэнкі яшчэ не скончылася, «Уладзімір Уладзіміравіч проста ўмее чакаць». Пры гэтым расейскі прэзідэнт, мяркуе ягоны экс-дарадца, не абавязкова будзе выкарыстоўваць толькі вайсковыя метады.
«Для гэтага ёсць шырокі спектр інструментаў. Пра гэта Юрый Бязменаў [уцякач у 1970 годзе ў Канаду агент КДБ] вельмі падрабязна распавёў у серыі сваіх выступаў пачатку 80-х гадоў, якія даступныя ў youtube і ў тых публікацыях, якія ён зрабіў, бо Юрый Бязменаў быў супрацоўнікам ГБ , які сышоў на Захад і распавёў пра тое, чаму яго вучылі, метадам, так бы мовіць, маральнай дэстабілізацыі грамадства, некалькі стадый, як гэта робіцца. І з пункту гледжання гэтай тэорыі, тое, што адбываецца і ў Беларусі, і ва Украіне, увогуле, знаходзіцца ў поўнай адпаведнасці з падручнікам», - заявіў Іларыёнаў.
У студзені гэтага года ён выказаў меркаванне, што адстаўка ўрада Расеі і планаваныя змены ў Канстытуцыю РФ нясуць небяспеку для краін-суседзяў.
«Ні спадар Мядзведзеў, ні іншыя сілыы ніколі не супраціўляліся і нават не спрабавалі супраціўляцца агрэсіўным імперскім планам крамлёўскіх сілавікоў. Але цяпер няма нават каго б там ні было, хто па сваёй прыродзе адрозніваўся б ад іх у кіраўніцтве дзяржавай», - сказаў экспэрт.
«Таму, - працягнуў ён, - можна чакаць толькі новых этапаў правакацый і рэалізацыі новых імперскіх сцэнарыяў перш за ўсё, вядома, у дачыненні да Украіны і да Беларусі, але і ў дачыненні да іншых дзяржаў».
21 снежня 2018 года былы дарадца Пуціна напісаў у «Жывым часопісе», што Крэмль пачаў паглынанне Беларусі.