BE RU EN

Беларуская ўлада зноў здзівіла ўвесь свет

  • Наталля Радзіна
  • 18.03.2020, 11:21

Падчас пандэміі на экстранным пасяджэнні ўрада абмяркоўвалі ўчарашні снег.

Эпідэмія каранавіруса паказала, што ў краіне рэальна не працуе ніводзін інстытут. Начальнік Міністэрства аховы здароўя, зрэдку размаўляючы з медыя, толькі міргае вачыма. Міністэрства адукацыі не ў стане зразумець важнасць увядзення карантыну ў школах і дзіцячых садках, і дзеці па волі баязлівых чыноўнікаў становяцца самымі актыўнымі пераносчыкамі віруса, пагражаючы жыццю сваіх улюбёных бабуль і дзядуль. Міністэрства культуры спакойна выдае дазвол на правядзенне канцэртаў і адмаўляецца закрываць тэатры і выставы, якія становяцца інкубатарамі віруса. Мінспорту прымушае дзяцей удзельнічаць у хакейных турнірах. Усе ўстановы старанна хаваюць рэальную колькасць заражаных, якая, можна не сумнявацца, няўхільна расце.

Для беларускага МЗС стала поўнай нечаканасцю, што нават Расея закрыла мяжу. Чым занятыя Мытны і Памежны камітэты, акрамя таго, што іх супрацоўнікі на межах старанна ўзважваюць і абшукваюць торбы беларусаў у пошуках «кантрабандных» прадуктаў ды імпартных лекаў?

З сілавымі структурамі усё зразумела: за абслугоўваннем інтарэсаў гаспадара яны даўно забыліся пра свае дырэктыўныя абавязкі гарантавання бяспекі грамадзян і дзяржавы. Ды ім і самім ужо, па-мойму, сорамна называць сябе афіцэрамі.

Мінфін, Мінэканомікі, Нацбанк? Якія падатковыя канікулы для бізнэсу або адтэрміноўкі ў выплаце крэдытаў, як у нармальных краінах, пра што вы?! Апакаліптычныя прагнозы што да перспектыў лукашэнкаўскай эканомікі сёння робяць усё міжнародныя інстытуты, уключаючы Сусветны банк, пра будучае падзенне беларускага рубля не кажа толькі лянівы эканаміст. На гэтым фоне цалкам праўдападобна выглядае інфармацыя, што сямейка Лукашэнкі пачынае выводзіць грошы з краіны.

Пра Мінпрам нічога не скажу. Паводле апошняй пастановы іх трактары павінны лячыць нас ад каранавіруса, бо прадаць іх куды-небудзь ужо немагчыма. Беллегпрам, мяркуючы з таго, што не ў стане пашыць нават марлевыя маскі ў адпаведнасці з санітарнымі нормамі, не заслугоўвае нават эпітафіі.

Учора, напрыклад, Лукашэнка правёў нараду з урадам і ўсімі «губернатарамі». Не было сказана ні слова пра пандэмію, якую штодня абмяркоўваюць урады ўсіх краін свету, спрабуючы зрабіць усё магчымае, каб спыніць распаўсюд віруса і выратаваць як мага большую колькасць грамадзян. Напярэдадні, праўда, ён заявіў, што кожны вірус можна перамагчы працай і гарэлкай. І ніводзін міністр не падаў на знак пратэсту ў адстаўку, хоць відавочна, што на чале дзяржавы - неадэкватны дыктатар, дзеянні якога могуць прывесці да страты многіх чалавечых жыццяў.

Відавочны калапс дзяржавы. У краіне - фактычнае безуладдзе. Ва ўмовах крызісу цяперашні ўрад з ягонымі падбрэхічамі - дакладна не кіроўны орган.

Чаму ж сам дыктатар упарта адмаўляецца ўводзіць карантын? Магчыма, таму што ўважае нас за рабоў, а рабам карантын не належыць - яны альбо працуюць, альбо здыхаюць.

Аднак тут ён пралічыўся: усё больш людзей адмаўляюцца вадзіць дзяцей у школы і садкі, патрабуюць ад начальства магчымасці выдаленай працы, адмаўляюцца наведваць месцы масавага збору людзей. Гандлёвыя цэнтры, фітнэс-клубы, канцэртныя залы і тэатры пустыя і нават у метро адзначаюць значнае змяншэнне пасажыраплыні. Ратуючы свае жыцці, людзі самі сыходзяць на карантын, не чакаючы адмашкі зверху.

Мы ўсе сёння ў адной лодцы - і няшчасныя жабракі пенсіянеры, і цалкам паспяховыя за дыктатурай прадпрымальнікі, і шырокі паднявольны клас бюджэтнікаў, і нават чыноўнікі з сілавікамі. Ва ўсіх ёсць дзеці і паджылыя бацькі, усім трэба звяртацца па дапамогу ў айчынныя лякарні з іх дэфіцытам абсталявання, лекаў і кваліфікаваных кадраў. Нямеччына ды Ізраіль больш не прымаюць.

Кажуць, што пасля пандэміі свет зменіцца да непазнавальнасці. Кажуць, у лепшы бок. Людзі пачнуць шанаваць тое, што раней не заўважалі ці ўважалі за само сабой зразумелае, уцямяць, што важна абараняць слабых і дапамагаць бездапаможным, усвядомяць сілу ўзаемадапамогі і салідарнасці. Ці стане іншай Беларусь - пытанне.

Наталля Радзіна, галоўная рэдактарка Charter97.org

Апошнія навіны