BE RU EN

Літоўскі прафесар: Наступствы захворвання каранавірусам могуць выявіцца праз дзесяцігоддзі

  • 18.03.2020, 12:12

Нават моладзь можа сутыкнуцца з сур'ёзнымі праблемамі.

У перадачы «Дзень Delfi» Вітаўтас Усоніс распавёў пра каранавірус і зарэгістраваныя выпадкі. У аўторак у Літве паведамілі пра пацыента, які вярнуўся з ПАР, яго стан сур'ёзны, бо ён належыць да групы рызыкі, сказаў кіраўнік Міністэрства аховы здароўя Аурэліюс Вярыга. Усяго ў аўторак зафіксавалі 8 новых выпадкаў гэтага захворвання.

Прафесар адразу ж падкрэсліў, што гэты вірус асабліва небяспечны для людзей старэйшага ўзросту.

«Людзі старэйшага ўзросту, якія хварэюць рознымі хранічнымі хваробамі, у іх і без каранавіруса бываюць праблемы са здароўем, ім патрабуецца дапамога лекараў. І ў выпадку, зафіксаваным у Панявежысе, чалавек звярнуўся да лекараў з іншай прычыны», - сказаў ён.

На пытанне, як Літва спраўляецца з вірусам, прафесар падкрэсліў, што пакуль усё нядрэнна, але ёсць такія сферы, дзе сітуацыя магла б быць і лепшай.

«Гледзячы з чым параўноўваць: з Італіяй або з іншымі краінамі. Робім усё так, як можам. Пакуль, напэўна, трэба казаць, што даволі паспяхова працуем, распаўсюду няма, узровень захворвання раўнамерны, на жаль, нікому не ўдалося спыніць вірус цалкам, але няма такога распаўсюду як у Італіі і Кітаі. Гэта можна назваць поспехам, але заўсёды ёсць тое, што можна рабіць лепш», - сказаў прафесар.

«Мы павінны разумець, што пандэміі такога маштабу дагэтуль у свеце не было. У нас няма досведу, няма з чым параўноўваць. Класіка інфекцыйных захворванняў абвяшчае, што ёсць крыніца інфекцыі, шляхі распаўсюджвання, прыязны асяродак. Сёння мы ведаем, што нічога не можам зрабіць з распаўсюдам. Пакуль няма вакцыны. Застаецца спыненне шляхоў распаўсюджвання», - дадаў ён.

У грамадстве ўсё яшчэ ёсць людзі, якія думаюць, што карантын не патрэбны, але прафесар мяркуе, што гэтая інфекцыя небяспечная і для моладзі.

«Нават для маладых людзей гэтая інфекцыя не з'яўляецца бяскрыўднай. Усё больш лекараў кажа пра фіброз лёгкіх, як рэшткавую з'яву пасля хваробы, гэтыя рэчы могуць праявіцца значна пазней, праз 10 гадоў. Мы таксама павінны мець на ўвазе маладых людзей, у якіх ёсць нейкія захворванні: лёгкіх, сэрца, дыябет. Такія хваробы могуць быць у людзей рознага ўзросту.

Акрамя таго, маладыя павінны падумаць пра людзей старэйшага ўзросту, якім больш за 60. Для іх гэтая інфекцыя можа быць небяспечная. Вобразна кажучы, калі хварэеш гэтай інфекцыяй, у лёгкіх замест той тканіны, якая забяспечвае абмен, з'яўляецца шнар, непрацоўная тканіна, і калі цяпер гэтая функцыя лёгкіх можа быць кампенсаваная, то з часам, па меры росту чалавека гэта можа стаць сур'ёзнай праблемай», - сказаў ён.

«Самую вялікую небяспеку для грамадства нясуць не тыя, у каго больш цяжкая форма, а менавіта тыя, хто лёгка пераносяць інфекцыю, часам наогул без сімптомаў», - заўважыў суразмоўца.

Усоніс падкрэсліў, што трэба пашырыць дыягностыку - правядзенне аналізаў. «На такое пытанне адказаць складана. Усё залежыць ад шматлікіх чыннікаў. Людзі кажуць аб магутнасцях лабараторый, але не гэта галоўнае. Важна, бяспечна ўзяць ўзоры і даставіць іх.

Мы ведаем, што калі ўзяць аналізы не ў час, можна ўвесці чалавека ў зман. Напрыклад, калі ўзяць занадта рана, аналіз нічога не пакажа, а чалавек праз некалькі дзён захварэе. Усе згодныя, што трэба рабіць больш аналізаў», - падкрэсліў прафесар.

Апошнія навіны