Блогера MozgON арыштавалі на 15 дзён
- 18.03.2020, 15:38
Яго асудзілі за акцыю каля «Белнафтахіма».
Блогер Уладзімір Цыгановіч, які вядзе youtube-канал MozgOn, завочна быў асуджаны на 15 дзён арышту за заклікі ў інтэрнэце да ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, паведамляе сайт spring96.org.
Гаворка ідзе пра сустрэчу-мітынг каля будынка «Белнафтахіма» ў Менску, якая прайшла 25 лютага. Напярэдадні Уладзімір Цыгановіч заклікаў прыйсці туды ўсіх, каго турбуе сталае падвышэнне коштаў паліва, і задаць пытанні на гэты конт кіраўніцтву канцэрна, што ў выніку атрымалася. На сустрэчу прыйшло некалькі дзясяткаў чалавек.
Як стала вядома праваабаронцам, неўзабаве блогер атрымаў пратакол на падставе ч.3 арт.23.34 КоАП. Яго абвінавачвалі ў тым, што ён 24 лютага ў сваім тэлеграм-канале заклікаў людзей прыйсці да «Белнафтахіма» без дазволу Менгарвыканкама. Суд паводле гэтай справы прызначылі на 12 сакавіка.
Калі паплечнікі Уладзіміра прыйшлі ў суд Маскоўскага раёна Менска, дзе павінен быў адбыцца разгляд справы, то даведаліся, што на той дзень былі прызначаныя ажно два адміністрацыйныя працэсы ў дачыненні да блогера. Прычым адзін, які вяла суддзя Таццяна Матыль, ужо скончыўся. Як удакладніў аўтар канала «ДрымДзім», першы суд хутчэй за ўсё датычыўся заклікаў да іншай акцыі - на МКАД. Але вынікі гэтага суда пакуль засталіся невядомымі.
Другі суд - за «Белнафтахім» - прайшоў вельмі хутка. Суддзя Лідзія Цяліца вынесла вырак пакараць Уладзіміра Цыгановіча арыштам на 15 дзён. Тэрмін арышту будзе адлічвацца з моманту затрымання.
Такім чынам пераслед блогераў за ўдзел ці асвятленне мірных сходаў у Беларусі прадаўжаецца. Нагадаем, што ў снежні 2019 года і ў студзені 2020 го шэраг блогераў былі пакараныя штрафамі і арыштамі за ўдзел у снежаньскіх акцыях пратэсту супраць інтэграцыі з Расеяй. Напрыклад, блогер Сяргей Ціханоўскі («Краіна для жыцця») у суме атрымаў 30 дзён арышту, а Зміцер Казлоў («Шэры кот») - рэкордныя 120 дзён паводле вынікаў васьмі судоў.