ЕЗ: Расея распаўсюджвае хлусню аб каранавірусе на некалькіх еўрапейскіх мовах
- 18.03.2020, 17:32
Выяўленыя амаль 80 прыкладаў дэзінфармацыі пра захворванне COVID-19.
Пракрамлёўскія акаўнты ў сацсетках і расейскія пракрамлёўскія медыі вядуць «кампанію дэзінфармацыі» на некалькіх мовах краін ЕЗ і спрабуюць нагнятаць «сумнеў, паніку і страх» і падарваць давер грамадства да сістэм аховы здароўя краін ЕЗ. Пра гэта заявіла Еўрапейская служба замежнапалітычнай дзейнасці (EEAS), якая сумяшчае ў ЕЗ функцыі замежнапалітычнага ведамства і рэалізуе агульную для Саюза палітыку бяспекі і абароны. Яе даклад цытуе газета The Financial Times, паведамляе «Настоящее время».
Са звестак структуры, з 22 студзеня да 10 сакавіка ў Еўразвязе было выяўлена амаль 80 прыкладаў дэзінфармацыі пра захворванне COVID-19, як ад прыватных акаўнтаў, так і ад акаўнтаў прарасейскіх арганізацый.
Экспэрты EEAS падкрэсліваюць, што ў кампаніі былі задзейнічаныя фэйкавыя акаўнты, якія раней распаўсюджвалі ілжывыя паведамленні аб сітуацыі ў Сірыі і пратэстах «жоўтых камізэлек» у Францыі.
Карыстальнікі гэтых акаўнтаў публікуюць фэйкавыя навіны на ангельскай, нямецкай, гішпанскай, італійскай і французскай мовах. У Італіі акаўнты задавалі грамадзянам краіны пытанні: ці змогуць італійскія і мясцовыя органы ўлады справіцца з крызісам у галіне аховы здароўя і недахопам абсталявання ў лякарнях. Гішпанскія акаўнты ў сваю чаргу падкрэслівалі, што ў адрозненне ад мясцовых уладаў, Расея і асабіста прэзідэнт Уладзімір Пуцін спраўляюцца са выбліскам каранавірусу ў сваёй краіне.
Акрамя сацсетак у кампаніі задзейнічаныя і прарасейскія крыніцы навін:
Адзін сайт навін з малдаўскім URL і паведамленнямі на расейскай мове 4 сакавіка выказаў здагадку, што ўспышка каранавірусу была «хлуснёй».
У Арменіі мясцовая служба расейскага дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва «Спадарожнік» працытавала «экспэрта», які заявіў, што ўспышка віруса не была выпадковасцю. З ягоных слоў, яна была створаная сакрэтнымі элітамі, такімі як ЦРУ, сусветны ўрад ці амерыкана-вугорскі мільярдэр Джордж Сорас для стварэння новага эканамічнага крызісу і кантролю за розумамі людзей.
Пры гэтым у іншых пракрамлёўскіх СМІ гучала выказванне, што пандэмія «менш шкодная, чым сезонны грып».
«Кампанія была закліканая пагоршыць замяшанне, паніку і страх, а таксама прадухіліць доступ людзей да надзейнай інфармацыі аб каранавірусе і захадах грамадскай бяспекі, - цытуе даклад Financial Times. - Гэта частка больш шырокай стратэгіі, якую выкарыстоўвае Крэмль: яна палягае ў спробе падарваць еўрапейскія грамадствы знутры і выкарыстоўвае існыя праблемы і супярэчнасці. Пры гэтым пракрамлёўскія агенцтвы дэзінфармацыі не спрабуюць «прадаць ідэю», а хутчэй збіваюць з панталыку аўдыторыю, у той час як журналісты з аўтарытэтных агенцтваў навін старанна правяраюць і пераправяраюць крыніцы і звесткі».
На думку экспэртаў EEAS, мэтай кампаніі было «пагоршыць крызіс у сферы аховы здароўя ў заходніх краінах», напрыклад, «падарваць грамадскі давер да нацыянальных сістэм аховы здароўя» і тым самым «перашкодзіць эфектыўнаму адказу на выбліск» захворвання.
На раніцу 18 сакавіка ў свеце каранавірусам былі інфікаваныя больш за 187 тысяч чалавек, колькасць памерлых ад яго склала больш за 7800 чалавек.