BE RU EN

«За вечар вывезла амаль цэлы паверх інтэрната»

  • 18.03.2020, 17:48

Як фельчар «хуткай» працуе падчас каранавірусу.

Ва ўсім свеце – пандэмія каранавірусу, у Беларусі – 51 пацверджаны выпадак. Вялікая нагрузка ў гэтыя дні кладзецца на плечы медыкаў. І ў першую чаргу з патэнцыяльнымі заражанымі сутыкаюцца брыгады хуткай дапамогі. «Белсат» пагутарыў з фельчарам менскай «хуткай», якая рэгулярна прыязджае па тых, хто кантактаваў з заражанымі.

Працоўны дзень Анастасіі значна даўжэйшы, чым у людзей іншых прафесій. Ужо шэсць гадоў яна - фельчар хуткай дапамогі, да таго ж старэйшая брыгады. На ёй адказнасць за зладжаныя дзеянні калег - і за выратаваныя жыцці. Некаторымі працоўнымі момантамі дзяўчына дзеліцца ў сваім Instagram, дзе ў апошнія тыдні пачалі з'яўляцца фота ў ахоўных уборах.

Як змянілася праца «хуткай» падчас каранавірусу? З якімі дзіўнымі выпадкамі даводзіцца сутыкацца і ці не страшна Анастасіі самой заразіцца? Пра гэта яна распавяла ў інтэрв'ю карэспандэнту нашаму карэспандэнту.

«Экіпіроўкі на ўсіх не стае»

- Ці памятаеце вы свой першы «каронавірусны» выклік, калі давялося надзець спецыяльную экіпіроўку?

- Так, упершыню ахоўны касцюм я апранула ў ноч, калі выявілі першы выпадак каранавіруса ў іранскага студэнта (28 лютага - заўв.). Прыкладна а палове на першую паступіў званок ў «хуткую». Спачатку ім займалася іншая падстанцыя, бо хлопец знаходзіўся тады ў сваёй дзяўчыны, а прыкладна а 4 раніцы папярэдзілі ўжо нас, што трэба вывезці ягоныя кантакты - сяброў, аднакурснікаў, усіх, хто пражываў з ім у інтэрнаце БНТУ.

- З чаго складаецца экіпіроўка брыгады на такіх выкліках?

— У першыя дні пасля таго выпадку ў нас быў толькі тонкі хірургічны халат, кароткія бахілы-анучы, шапачка, рэспіратары, маскі і пальчаткі, а потым з'явіліся высокія бахілы. Яны вельмі нязручныя, бо можна на хаду зачапіцца за нешта і ўпасці, таму мы чаплялі на ногі шапачкі.

А нядаўна нам пачалі выдаваць супрацьчумную форму з поўнай экіпіроўкай. Праўда, даюць яе толькі аднаму чалавеку ў брыгадзе, які і едзе на выклік. У нашай брыгадзе старэйшая я, таму сваіх калегаў я звычайна пакідаю на падстанцыі.

- Гэта значыць, па патэнцыяльна заражаных вы едзеце адна?

- Так, я ніколі не адмаўляюся. Цяпер у нас дзейнічае сакрэтны дазвол кіраўніцтва: калі мы бачым, што пацыент «кантактны» - едзем адны, толькі з кіроўцам. Яго я даслоўна «запячатваю» ў кабіне, заляпляю ўсе вокны.

Па-першае, гэта робіцца, каб мінімізаваць колькасць кантактаў і знізіць рызыку для брыгады. Па-другое, фінансаванне не жалезнае і на ўсіх формы не стае. Кіраўніцтва маёй падстанцыі з боем выбівае экіпіроўку, таму стараемся эканоміць па магчымасці.

12 гадзін запар вазіла «кантактных»

- Як часта вам даводзілася забіраць хворых на каранавірус?

- Мне вельмі часта даводзілася выязджаць па «кантактных» і меркавана інфікаваных, бо я працую ў раёне, дзе шмат інтэрнатаў. Адзін з апошніх заражаных - мужчына, які ўтойваў, што вярнуўся з Італіі, потым заразіў сына, а той – сваю аднакурсніцу. І вось гэтая аднакурсніца пражывала ў інтэрнаце. Усіх аднакурснікаў хлопца папрасілі здаць аналіз, бо сімптомаў ні ў каго не было. І такім чынам выявілі гэтую дзяўчыну. За вечар я вывезла амаль увесь паверх інтэрната. Спачатку «прастудных», а потым, калі ў хлопца [лабараторна] пацвердзіўся каранавірус – усіх астатніх.

Працы вельмі шмат, бо праз аднаго заражанага забіраюць усіх «кантактных». У той дзень я пачала а палове пятай вечара, а скончыла а палове чацвёртай раніцы. Амаль 12 гадзін я вазіла «кантактных».

Я прывозіла іх у лякарню, вярталася на падстанцыю, пераапраналася, апрацоўвалі машыну сродкамі для дэзінфекцыі. Раптам мне зноў кажуць: «Ёсць яшчэ «кантактныя», возьмеш?» Я апранаю сваю амуніцыю, забіраю іх, еду на дэзінфекцыю...і так некалькі разоў запар.

— Каго звычайна пры транспартаванні змяшчаюць у капсулы?

- Гэта людзі з пацверджаным заражэннем. Уся гэтая паніка, што мы нешта ўтойваем і нібыта ўначы вывозім заражаных - няпраўда. Часцей за ўсё, калі нас фатаграфуюць ля нейкага будынка ў экіпіроўцы - гэта значыць, што мы вывозім «кантактных» ці тых, хто вярнуўся з-за мяжы. Мы абавязаныя іх абследаваць. Яшчэ многае залежыць ад таго, калі яны вярнуліся ў Беларусь, калі кантактавалі з заражаным, ці маюць сімптомы.

- Калі чалавек тэлефануе ў 103 і пералічвае сімптомы каранавірусу - гэта экстраны выклік?

- Гэта павінна працаваць наступным чынам: калі чалавек скардзіцца на павышаную тэмпературу, дыспетчары павінны высвятляць, ці вяртаўся ён з-за мяжы або сядзеў дома. На практыцы я часта сама тэлефаную чалавеку і задаю ўдакладняючыя пытанні. Бо бывае так, што запісваюць: «Была раніцай тэмпература, цяпер 36, з Ірана». А калі я паўторна набіраю, высвятляецца, што чалавек ужо 9 месяцаў не пакідаў Беларусь.

Пра страх і прафесійныя жарты

- У вас асабіста няма страху самой заразіцца на каранавірус?

- Я ўжо шэсць гадоў працую на «хуткай» і штодня сутыкаюся з разнастайнымі вірусамі і інфекцыямі, але мне на іх не даюць абарону. Мы ўвесь час працуем з інфекцыйнымі захворваннямі: напрыклад, аднойчы я знаходзілася ў адной кватэры з сухотнымі хворымі. Таму страху няма, ёсць проста насцярожанасць.

Я спецыяльна не наведваю бацькоў, не хаджу ў грамадскія месцы. Не столькі для таго, каб самой не захварэць, колькі, каб не распаўсюджваць вірус, калі сама заражуся дзесьці на працы. Зладзіла сабе маленькую самаізаляцыю.

- Як часта людзі самі сабе «дыягнастуюць» каранавірус? Сутыкаліся з пацыентамі, упэўненымі, што яны заразіліся?

- У мяне пакуль была толькі адна такая пацыентка. Выклікала, каб мы тэрмінова зрабілі ёй аналізы. Колькі я ні спрабавала ёй растлумачыць, паводле якіх крытэраў іх робяць - гэта не спрацоўвала. Мы вельмі доўга спрабавалі яе пераканаць. Але жанчына распавядала, што тры месяцы таму яе сяброўка хварэла на бранхіт, а яна сёння раніцай прачнулася папіць вады і двойчы кашлянула. Усё, ратуйце! Мы з гадзіну «танцавалі з бубнам» вакол яе. Натуральна, гэта было а чацвёртай раніцы.

Не магу сказаць, што ў людзей нейкая адмысловая паніка. Неадэкватныя выклікі былі раней і захоўваюцца ў тых жа адсотках.

Часам нас спрабуюць загарнуць у пакеты. Маўляў «Чаго вы прыехалі, у вас жа каранавірус!» Пры гэтым яны ж самі нас і выклікалі! Як правіла так паступаюць людзі, якія выклікаюць без нагоды і пачынаюць выстаўляць прэтэнзіі, маўляў, чаму доўга ехалі. А ў іх напраўду парушынка ў воку, прышчык, горла баліць і да таго падобнае.

- А вам хіба нельга аформіць такія выклікі як ілжывыя?

— У заканадаўстве ёсць толькі паняцце «заведама ілжывы выклік». Гэта калі чалавек сам прызнаецца, што выклікаў «хуткую», каб пажартаваць. Звычайна ніхто не прызнаецца. А калі «мне здалося, што я паміраю» – мы не маем права адмовіць. Фільтраванне выклікаў цяпер скасаванае, таму нават «не хачу ісці ў аптэку» будзе падставай.

— У вас з калегамі ўжо з'явіліся прафесійныя жарт пра каранавірус за апошнія тыдні?

- З мяне жартуюць увесь час! Па-першае, таму што я вельмі шмат ваджу «кантактных». Па-другое, у мяне алергія на некаторыя сродкі дэзінфекцыі і пасля апрацоўкі імі яна абвастраецца, пачынаецца кашаль. І ўсе жартуюць, што ў мяне каранавірус. Калі іду па падстанцыі, адразу адскокваюць у бок.

Але гэтыя жарты не сведчаць аб нашым несур'ёзным стаўленні да праблемы. Гэта псіхалагічная абарона, бо праца сапраўды вельмі цяжкая і выклікаў вельмі шмат.

Апошнія навіны