Беларусь забараніла экспарт масак, рэспіратараў і экіпіроўкі хімабароны
- 18.03.2020, 18:49
Раней Лукашэнка заяўляў, што ў Беларусі перапоўненыя склады прадпрыемстваў, якія вырабляюць маскі.
Саўмін Беларусі прыняў пастанову, згодна з якой часова забараняецца вывозіць з нашай краіны шэраг медыцынскіх тавараў, паведамляе прэс-служба ўрада.
Згодна з пастановай Саўміна, шэраг медыцынскіх тавараў, прычым не толькі беларускай вытворчасці, часова забараняецца вывозіць з нашай краіны. Пад абмежаванне трапілі нават хірургічныя халаты, маскі на твар, бінты, марля, вата, хірургічныя пальчаткі і шэраг іншых медыцынскіх тавараў і абсталяванне.
Абмежаванне ўводзіцца з моманту публікацыі пастановы і будзе дзейнічаць да 1 чэрвеня гэтага года.
Паводле інфармацыі Міністэрства аховы здароўя, на раніцу 18 сакавіка ў Беларусі нібыта толькі 9 пацыентаў маюць клінічныя прыкметы інфекцыі COVID-19. Яшчэ ў 37 пацыентаў каранавірус ніяк не праяўляецца. Такім чынам, усяго ў Беларусі інфікаваныя каранавірусам 46 чалавек (гэта без уліку тых, хто ўжо ачуняў).
Нагадаем, 16 сакавіка Лукашэнка заявіў, што Беларусь сутыкнулася з перавытворчасцю медыцынскіх засцерагальных масак пасля павелічэння іх выпуску на фоне ажыятажнага попыту праз новы каранавірус, цяпер прапрацоўваецца экспарт лішку.