BE RU EN

Канцлерка Нямеччыны звярнулася да нацыі

  • 18.03.2020, 20:53

Са слоў Ангелы Мэркель, Нямеччына ў сучаснай гісторыі не сутыкалася з падобнымі выклікамі.

Канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель звярнулася да нацыі ў сувязі з распаўсюджваннем каронавіруса SARS-CoV-2 у краіне, Еўропе і свеце. З часоў Другой сусветнай вайны Нямеччына не сутыкалася з падобнымі выклікамі, дзе шмат што залежыць ад адзінства і салідарнасці ў грамадстве, заявіла кіраўніца нямецкага ўрада ў сераду, 18 сакавіка, паведамляе DW.

Афіцыйны Бэрлін робіць усё магчымае, каб змякчыць эканамічныя наступствы, адзначыла Мэркель, назваўшы прыярытэтам захаванасць працоўных месцаў падчас распаўсюду захворвання.

Сярод іншага, канцлерка не пакінула без увагі новыя захады, што істотным чынам абмяжоўваюць грамадскае жыццё ў краіне. Са слоў Мэркель, яны неабходныя, каб запаволіць распаўсюджванне віруса і тым самым выйграць час - для распрацоўкі вакцыны і перш за ўсё для лячэння хворых. Федэратыўная Рэспубліка раней не ведала падобных абмежаванняў, дадала яна. Далейшая сітуацыя будзе залежаць ад дысцыпліны кожнага, падкрэсліла кіраўніца ўрада.

«Цудоўная сістэма аховы здароўя»

У Нямеччыне існуе «цудоўная сістэма аховы здароўя, магчыма, адна з найлепшых у свеце», адзначыла канцлерка ФРГ. Яна падзякавала медыкам і персаналу бальніцы, якія «стаяць на перадавой лініі» ў барацьбе з небяспечным узбуджальнікам.

Вакцыны супраць каронавіруса пакуль няма, аднак над гэтым працуюць навукоўцы ва ўсім свеце, падкрэсліла Мэркель. З яе слоў, улады пастаянна вядуць кансультацыі з Інстытутам імя Роберта Коха і іншымі профільнымі спецыялістамі.

Кіраўніца ўрада ФРГ у сваім выступе дакарала тых, хто ў паніцы скупляе ў крамах прадметы першай неабходнасці ў велізарных колькасцях. Краіне не пагражае дэфіцыт прадуктаў харчавання, запэўніла Мэркель. Яна заклікала не верыць чуткам, звязаным з новым вірусам. Афіцыйная інфармацыя даступная на некалькіх мовах, адзначыла канцлерка.

Новы каронавірус у свеце

Каронавірус SARS-CoV-2, які выклікае захворванне COVID-19, пракраўся больш чым у 170 краін і тэрыторый з пачатку ўспышкі ў кітайскай правінцыі Хубэй у канцы 2019 года. У свеце выявілі больш за 208 000 выпадкаў заражэння, больш 8 000 чалавек памерлі, звыш 82 000 хворых ачунялі. Абсалютная большасць заражэнняў і смяротных зыходаў прыпадае на Кітай, за ім ідуць Італія і Іран.

У Нямеччыне заражэнне пацверджана больш чым у 11000 чалавек, 27 памерлі, вынікае са звестак анлайн-рэсурсу Worldometers, што адсочвае распаўсюджванне каронавіруснай інфекцыі. Кіраўнік Інстытута імя Роберта Коха Лотар Вілер (Lothar Wieler) дапусціў, што пандэмія можа прадоўжыцца блізу двух гадоў.

Апошнія навіны