BE RU EN

Настаўнікі масава збіраюць заявы ад бацькоў, якія хочуць пакінуць дзяцей дома

  • 18.03.2020, 21:20

Бацькі беларускіх школьнікаў адрэагавалі на пастанову Міністэрства адукацыі не пераносіць вакацыі.

У Беларусі не будуць пераносіць вясновыя вакацыі - яны пачнуцца згодна з графікам 30 сакавіка. Нягледзячы на тое, што афіцыйна вучоба працягваецца, некаторыя бацькі пакідаюць дзяцей дома. І ў школе ім ідуць насустрач.

Чытачы паведамляюць rebenok.by пра тое, што ў школах бацькам раздаюць узоры заяў аб адсутнасці дзіцяці. У дакуменце бацькі павінны ўдакладніць, як доўга школьніка не будзе на занятках, а таксама распісацца за тое, што адказнасць за жыццё і здароўе дзіцяці законны прадстаўнік бярэ на сябе.

- На днях класная кіраўніца ў чаце напісала, што той, хто хоча пакінуць дзяцей дома, павінен напісаць заяву. Ніхто з бацькоў нічога не зразумеў. Гэта заклік на самакарантын ці што? Ужо ўвечары настаўніца даслала гатовы бланк заявы з назвай гімназіі і імем дырэктара ў шапцы. Мая мама педагог у гэтай жа гімназіі. Усяго за адзін дзень палова яе вучняў перадалі заяву.

Настаўніца адной са сталічных школ распавяла нам, што збор заяў і рэгістрацыя адсутных цяпер адымаюць шмат часу.

- Мы адпраўляем адсутных да 9.00. Цяпер трэба ўказваць, з якой даты дзіця адсутнічае і ці выклікалі яму лекара. Таксама збіраем заявы ад бацькоў праз вайбер. Раздрукоўваем. У школе праз гэта першыя ўрокі не праводзім, а толькі ўдакладняем, чаму дзеці не прыйшлі.

Са слоў бацькоў, цяпер заявы класныя кіраўнікі збіраюць у масавым парадку. Пры гэтым застаецца незразумела, ці трэба будзе здаровым дзецям пасля прыносіць у школу даведку з паліклінікі.

- У нас думкі сярод бацькоў падзяліліся. Асабіста я здаровае дзіця ў перапоўненую паліклініку не павяду. Абыдуцца без даведкі.

Прэс-сакратарка Міністэрства адукацыі Людміла Высоцкая распавяла, што даведка дзецям хутчэй за ўсё не спатрэбіцца.

- Раней было так: калі дзіця хварэе, потым яно прыносіць у школу даведку. Але ў гэтай сітуацыі дома застаюцца здаровыя дзеці. І хутчэй за ўсё, яны не будуць хадзіць у школу да канца вакацый. А пасля вакацый у нас ніхто даведку ў школу не прыносіць.

Што тычыцца масавага збору заяў ад бацькоў, ніякіх інструкцый на гэты конт Міністэрства адукацыі школам не давала.

- Бацькі - гэта законныя прадстаўнікі дзяцей. Вядома, яны маюць права прымаць рашэнне пакінуць дзіця дома. Толькі хай яны яшчэ 10 разоў падумаюць, з кім гэта беднае дзіця застанецца? Бацькам прыйдзецца ісці на бальнічны? Ці дзеці застануцца адны? Бацькі ўпэўнены, што школьнікі будуць сядзець дома? А ў школе дзеці знаходзяцца пад наглядам, праводзяцца ўсе неабходныя санітарна-эпідэміялагічныя мерапрыемствы.

Апошнія навіны