BE RU EN

Беларусы падтрымалі першага галоўнага лекара, які заклікаў заставацца дома

  • 22.03.2020, 11:51

Супрацоўнікі Максіма Ачарэтнага далучаюцца да ягонай ініцыятывы.

За ноч з 21 на 22 сакавіка пост галоўнага лекара 3-й гарадской дзіцячай клінічнай лякарні Менска Максіма Ачарэтнага, які заклікаў людзей заставацца дома, сабраў блізу 800 перапостаў.

«Усё ўжо так небяспечна?» – спыталі лекара падпісчыкі.

– Усё незразумела. Таму трэба дзейнічаць паводле найгоршага сцэнара. Італія нам адмоўны прыклад, – растлумачыў Максім Ачарэтны.

У каментарах людзі дзякуюць лекару за сумленнасць, піша gazetaby.com.

«Ці ёсць у мяне аўтарытэты ў свеце фэйку і панікі? Вельмі мала. Але калі галоўны лекар 3-й дзіцячай лякарні, раней – загадчык рэанімацыі дзіцячай інфекцыйкі, Максім Ачарэтны, кажа: “Будзьце, калі ласка, дома”, то я веру, што гэта важна, – напісала Аксана Косцікава. – Я бачыла, як мамы з цяжка хворымі дзецьмі без інфекцый спрабавалі “патрапіць да Ачарэтнага”, таму што ён уратуе (часы працы ў інфекцыйцы).

Я ведаю, што Максім Ачарэтны адзін з нямногіх педыятраў, хто выступае за прысутнасць бацькоў у дзіцячых рэанімацыях. І за ўсё бязмерна паважаю.

Я не вельмі баюся каранавірусу. Нібыта не так каб у групе рызыкі. І дзеці таксама. Бацькі, на жаль, далёка. І ад маёй сацыяльнай актыўнасці іх жыццё не залежыць.

Але я баюся за лекараў. Што прымушае сціскацца сэрца, дык гэта апісанне трэшу, у якім жывуць цяпер лекары ў Італіі, Гішпаніі, Іране і інш.

Мяне просяць скараціць сваю сацыяльную актыўнасць, і, магчыма, дзякуючы гэтаму лекар не будзе жыць на працы, апранаць памперс (так, так, кітайскія лекары так рабілі, каб лішні раз не здымаць абарону і не адрывацца ад працы), не будзе рызыкаваць заразіцца ў бясконцай плыні пацыентаў. Хіба гэта супамерныя рэчы? Хіба гэта складана?

І, так, пакуль я ўпэўненая, што ў нас умоўна спакойна. Хай нашы лекары (і ўвесь медперсанал) прадаўжае кожны дзень вяртацца дадому».

Максіма Ачарэтнага падтрымала супрацоўніца 3-й гарадской дзіцячай клінічнай лякарні Ірына Тарасюк, якая раніцай 22 сакавіка размесціла ў Фэйсбуку пост з заклікам заставацца дома.

Апошнія навіны