Міністэрства аховы здароўя: У Беларусі зафіксаваны 81 выпадак заражэння каранавірусам
- 23.03.2020, 14:12
Інфармацыя пра колькасць заражаных не абнаўлялася цягам двух дзён.
Як паведамляе Міністэрства аховы здароўя, у Беларусі, паводле звестак на 23 сакавіка, 81 выпадак каранавірусу, піша tut.by.
Паводле звестак на 21 сакавіка, у Беларусі было нібыта зафіксавана 76 выпадкаў каранавірусу, 15 пацыентаў былі выпісаныя з медыцынскіх установаў. Атрымліваецца, што паводле статыстыкі Міністэрства аховы здароўя за два дні ў краіне выявілі толькі пяць новых выпадкаў.
Паводле інфармацыі Міністэрства аховы здароўя, на сёння ў Беларусі праведзена больш за 21 тыс. тэстаў на COVID-19. Тэставанне праводзіцца з 23 студзеня.
Нагадаем, шэраг незалежных экспертаў мяркуе, што ў Беларусі наўмысна хаваецца рэальная колькасць выпадкаў заражэння каранавірусам. Улады не ўжываюць захады карантыннага характару.
Менавіта з гэтай прычыны лідары беларускай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці прапанавалі ўвесці ў краіне Народны карантын.
Нагадаем таксама і пра камунікацыйныя няўдачы Міністэрства аховы здароўя – інфармацыя пра колькасць заражаных не абнаўлялася цягам двух дзён.