Лекаванне каранавірусу: У Францыі вызначылі амаль 100 прэпаратаў
- 23.03.2020, 14:36
Чатыры лекавыя прэпараты ўжо праходзяць клінічныя выпрабаванні.
Французская біяфармацэўтычная кампанія Farnext стварыла спіс з 97 часта выпісвальных прэпаратаў, якія могуць дапамагчы ў лекаванні ўскладненняў, звязаных з заражэннем каранавірусам. Пра гэта паведамляе РБК са спасылкай на французскі тэлеканал BFMTV.
Як адзначаецца, вялікая частка гэтых прэпаратаў выкарыстоўваецца для лекавання такіх распаўсюджаных захворванняў, як цукровы дыябет другога тыпу і гіпертанія. Адзначаецца, што ў людзей менавіта з такімі праблемамі са здароўем захворванне, выкліканае COVID-19, праходзіць у цяжкай форме.
"Стратэгія Pharnext заключалася ў тым, каб ацаніць, якую менавіта частку клеткавага механізму закранаюць каранавірусы (сярод іншых, COVID-19, SARS, MERS). Гэта дазволіла кампаніі выявіць ужо зацверджаныя прэпараты для лекавання распаўсюджаных захворванняў, якія эфектыўныя і для барацьбы з захворваннямі, спадарожнымі COVID-19", – гаворыцца ў прэс-рэлізе кампаніі.
Акрамя таго, чатыры лекавыя прэпараты ўжо праходзяць клінічныя выпрабаванні. Сярод іх – прэпарат для лекавання малярыі Хларахін.