У Жыткавічах выявілі з каранавірусам жанчыну, якая не была за мяжой
- 23.03.2020, 15:34
Гэта другі выпадак у Гомельскай вобласці.
Пацверджаны другі выпадак захворвання на каранавірус COVID-19 у Гомельскай вобласці, паведамляе gomel.today. Як стала вядома, хваробу выявілі ў жыхаркі райцэнтра Жыткавічаў.
Паводле наяўнай інфармацыі, жанчына 1961 года нараджэння звярнулася па дапамогу з пнеўманіяй, узяты мазок паказаў станоўчы вынік у суботу, 21 сакавіка. Захварэлая накіраваная ў Гомель, бо ў яе зафіксаванае двухбаковае запаленне лёгкіх. Лячэнне праходзіць у Гомельскай абласной туберкулёзнай клінічнай лякарні.
Вядома, што захварэлая на каранавірус жанчына нікуды за межы раёна ўжо вельмі даўно не выязджала. Таму крыніца інфекцыі застаецца загадкай. Кантактамі першага ўзроўню выявіліся ў асноўным мясцовыя лекары і, мяркуючы з паведамленняў у сацсетках, якія з'явіліся ў пабліках Жыткавічаў, у мясцовай лякарні ўжо пачаў мяняцца графік прыёму лекараў. Відавочна, гэта адбываецца з прычыны таго, што медыкі, якія кантактавалі з захварэлай, будуць адпраўленыя пад назіранне.
Як вірус мог трапіць у такі аддалены і ізаляваны раён, як Жыткавіцкі, ды яшчэ і з улікам таго, што захварэлая жанчына яго не пакідала - пытанне з многімі невядомымі.
Нагадаем, да сённяшняга дня было вядома аб адзіным выпадку захворвання COVID-19 у Гомельскай вобласці - 20-гадовы спартовец «прывёз» вірус з Партугаліі. Ва ўсёй краіне 81 пацверджаны выпадак.