BE RU EN

Беларусь праводзіць маштабнае комплекснае вучэнне Узброеных сіл

  • 23.03.2020, 16:14

У ім задзейнічаныя шэсць тысяч жаўнераў.

Раптоўная праверка баявой гатоўнасці Узброеных сіл Беларусі перайшла да актыўнай фазы - комплексных вучэнняў, якія з'яўляюцца «адным з захадаў рэагавання на шматнацыянальныя манеўры NATO каля беларускіх межаў», гаворыцца ў паведамленні Міністэрства абароны Беларусі, паведамляе «Радыё Свабода».

Таксама вучэнні дадуць магчымасць ацаніць узровень падрыхтоўкі беларускага войска. Усяго ў іх плануецца задзейнічаць блізу 6000 вайскоўцаў, а таксама амаль 200 адзінак рознага ўзбраення.

Міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін у каментары на сайце міністэрства адзначае, што праверка боегатоўнасці беларускіх войскаў праводзіцца «на фоне няпростай вайскова-палітычнай і стратэгічнай абстаноўкі».

«Ідзе мілітарызацыя Еўропы, павялічваецца склад груповак войскаў і колькасць узбраенняў, расце інтэнсіўнасць вучэнняў на тэрыторыі сумежных краін», - адзначыў Віктар Хрэнін.

Як падкрэслівае міністр, самым маштабным вучэннем за апошнія 25 гадоў стануць вучэнні «Абаронца Еўропы - 2020» на тэрыторыі Польшчы і краін Балтыі, ад правядзення якіх цалкам не адмовіліся, «нягледзячы на заявы еўрапейскага камандавання ЗША аб скарачэнні колькасці ўдзельнікаў, а таксама касаванні чатырох сумежных вучэнняў з прычыны ўспышкі каранавірусу».

У рамках вучэнняў NATO Defender 2020 ЗША планавалі адпрацаваць хуткае перакідванне сваіх войскаў праз Атлантычны акіян у Нямеччыну, у Польшчу і краіны Балтыі. Усяго ў манеўрах планавалі задзейнічаць 37 тысяч жаўнераў NATO з 18 краін, аднак пазней, у сувязі з пандэміяй каранавірусу маштаб вучэнняў быў радыкальна паніжаны.

У кастрычніку 2019 года, пасля інфармацыі аб прыбыцці амерыканскіх танкаў у Літву напярэдадні вучэнняў, Лукашэнка назваў размяшчэнне амерыканскіх вайскоўцаў і танкаў у Літве «прэцэдэнтам» і заявіў, што яму разам з прэзідэнтам Расеі «давядзецца падумаць аб тым, як засцерагчы сябе ў гэты перыяд» .

28 кастрычніка Лукашэнка склікаў нараду «аб вайскова-палітычным становішчы, рызыках, выкліках і пагрозе для Беларусі, а таксама прапановах у рэагаванні», пасля якой міністр абароны Беларусі Андрэй Раўкоў заявіў, што Беларусь плануе шэраг захадаў для адэкватнага рэагавання на размяшчэнне тэхнікі войскаў NATO ля беларускай мяжы. Напрыклад, захады, накіраваныя на ўзмацненне дзяржаўнай мяжы і павелічэнне колькасці наземнага вайсковага кантынгенту на літоўскім кірунку.

У канцы студзеня 2020 года Узброеных сілах Беларусі пачалася раптоўная праверка баявой гатоўнасці.

Апошнія навіны