Ва Украіне яшчэ адзін дэпутат заразіўся каранавірусам
- 23.03.2020, 16:16
«Слуга народа» Руслан Гарбенка шпіталізаваны.
Нардэп ад фракцыі «Слуга народа» Руслан Гарбенка паведаміў, што здаў два тэсты на каранавірус. Адзін выявіўся пазітыўным, другі - негатыўным. Вынікі трэцяга тэсту чакаюцца.
Як інфармуе Цензор.НЕТ, пра гэта ён паведаміў на старонцы ў сеткі Facebook.
«У сераду на мінулым тыдні вечарам паднялася тэмпература, у чацвер быў кашаль, потым стала лягчэй, у суботу я прыехаў у лякарню, настаяў на рэнтгене, бо пры праслухоўванні ўсё быццам бы было добра, выявілі левабаковае запаленне лёгкіх», - распавёў нардэп.
З ягоных слоў, з нардэпам Шахавым ён не перасякаўся і ў апошнія месяцы за мяжой не быў.
«Наогул быў на самаізаляцыі. У камітэтах не быў. На пасяджэнні ў аўторак быў, але ў масцы. Перажываю за сям'ю», - паведаміў Гарбенка.
«Прашу ўсіх прытрымлівацца парадаў сядзець дома і не панікаваць. Не хацелася б «хварэць онлайн» і чытаць пра сябе ў Інтэрнэце ілжывую інфармацыю, будзем ветлівымі ў гэтыя складаныя часы», - падсумаваў ён.
Адзначым, што Гарбенка стаў ужо чацвёртым інфікаваным дэпутатам Вярхоўнай Рады.